Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
18 чэрвеня 2020, 16:33

"Белінтэрэкспа" плануе ўдзел беларускіх кампаній у больш як 30 выстаўках у ІІ паўгоддзі

18 чэрвеня, Мінск /Кацярына Марковіч - БЕЛТА/. "Белінтэрэкспа" плануе арганізаваць удзел беларускіх вытворцаў у больш як 30 міжнародных выстаўках, якія пройдуць у другім паўгоддзі 2020 года. Аб гэтым паведаміў дырэктар УП "Белінтэрэкспа" БелГПП Яўген Увядзенскі ў час анлайн-стрыму "Выстаўкі ІІ паўгоддзя: ад Шанхая да Нідэрландаў", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Усім вядома аб масавым пераносе выставак, якія былі запланаваны на І паўгоддзе бягучага года, некаторыя з іх перанесліся на 2021 год, іншыя былі перанесены на ІІ паўгоддзе гэтага года, і многія з арганізатараў пацвярджаюць іх правядзенне ў названыя тэрміны. Калі гэтыя выстаўкі адбудуцца, нас чакае шчыльны графік. Паводле папярэдніх падлікаў, гэта больш за 30 выставак, запланаваных на апошнія 4 месяцы бягучага года, пачынаючы з верасня. А гэта нямала, улічваючы, што за ўвесь 2019 год мы правялі 34 выстаўкі", - адзначыў кіраўнік выставачнага прадпрыемства. Ён падкрэсліў, што такім чынам перад імі паўстае няпростая, але выканальная задача. "Усё можна рэалізаваць, калі пастарацца. Напрыклад, мы тройчы праводзілі адначасова тры вялікія выстаўкі ў розных краінах і нават на розных кантынентах. Сталі адзінай выставачнай кампаніяй, якая ў 2019 годзе паспяхова правяла выстаўкі ў Анголе, Зімбабвэ, Нігерыі, Сірыі і Судане. Правялі больш за 200 выставак у 60 краінах свету і ўпершыню ў Беларусі запусцілі поўнамаштабную віртуальную выстаўку Made in Belarus #AgroFood", - паведаміў ён.

У той жа час кіраўнік "Белінтэрэкспа" добра разумее апасенні беларускага бізнесу - удзельнікаў выставак адносна бяспекі паездак за мяжу цяпер. "Мы пастаянна маніторым сітуацыю, бачым, дзе ёсць добрыя шанцы, што мерапрыемства адбудзецца. У шэрагу выпадкаў арганізатары працуюць над тым, каб гарантаваць максімальную бяспеку і тым самым дабіцца таго, каб выстаўка была праведзена", - растлумачыў Яўген Увядзенскі.

Адна з першых у календары беларускай выставачнай кампаніі - выстаўка CNR Food Istanbul, якая пройдзе ў Стамбуле 2-5 верасня. "Арганізатары распаўсюдзілі спецыяльную інструкцыю аб мерах па забеспячэнні бяспекі, падрыхтаваную ў адпаведнасці з рэкамендацыямі Сусветнай асацыяцыі выставачнай дзейнасці. Сярод гэтых правіл - строгія патрабаванні да персаналу, вымярэнне тэмпературы цела наведвальнікаў, уваход толькі для прафесіяналаў, абмежаваная колькасць людзей, правілы сацыяльнага дыстанцыравання, пункты неадкладнай меддапамогі, аўтаматы з дэзрастворамі ва ўсіх ключавых месцах, а ў сістэмах вентыляцыі будзе выкарыстоўвацца толькі знадворнае паветра", - расказаў дырэктар прадпрыемства.

Таксама ў планах прыняць удзел у вялікай сельскагаспадарчай выстаўцы ў Сербіі ў горадзе Нові-Сад, якая пройдзе 19-25 верасня. Гэта мерапрыемства традыцыйна збірае звыш 1,5 тыс. кампаній-экспанентаў і 150 тыс. наведвальнікаў. З 28 верасня па 1 кастрычніка ў Польшчы пройдзе выстаўка Polagra Food, а 1-3 кастрычніка ў Адыс-Абебе (Эфіопія) запланавана правядзенне выставачнага мерапрыемства Ethiopia AGROFOOD. У Амане 5-7 кастрычніка пройдзе выстаўка FOOD&Hospitality, а 16-18 снежня ў Каіры (Егіпет) - Food Africa і шэраг іншых важных мерапрыемстваў рознай накіраванасці і спецыялізацыі.

Яўген Увядзенскі лічыць, што ўжо неабходна рыхтавацца да гэтых выставак і прапануе кампаніям падаваць у "Белінтэрэкспа" заяўкі на мерапрыемствы, якія цікавяць, і заключаць адпаведныя дагаворы. "Мы з'яўляемся прадпрыемствам БелГПП і на працягу многіх гадоў даказвалі сваю надзейнасць і прыстойнасць як партнёра. Калі выставачнае мерапрыемства будзе адменена або перанесена, альбо ўдзел кампаніі-экспанента будзе немагчымым па незалежных ад яе прычынах, мы вернем пералічаныя сродкі або перанясём іх на іншую выстаўку, у залежнасці ад жадання гэтай кампаніі. Але пачынаць такую работу трэба ўжо цяпер", - падкрэсліў дырэктар прадпрыемства.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі