Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
24 верасня 2019, 12:09

"Белдзяржхарчпрам" прапануе вярнуцца да ўстанаўлення мінімальнага парога цэн на цукар

24 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. "Белдзяржхарчпрам" прапануе вярнуцца да ўстанаўлення мінімальнага парога цэн на цукар. На ўзроўні ўрада распрацоўваецца механізм, каб у рыначных умовах стабілізаваць работу вытворцаў і зрабіць выпуск цукру рэнтабельным, сказаў у інтэрв'ю газеце "Рэспубліка" старшыня канцэрна "Белдзяржхарчпрам" Аляксандр Забела, паведамляе БЕЛТА.

"Адзін з варыянтаў - вяртанне да мінімальнага парога цаны. Дзякуючы такой меры мы створым аднолькавыя ўваходныя ўмовы для ўсіх ігракоў, а спажыўцы самі выберуць, які цукар купіць, - адзначыў Аляксандр Забела. - Заводы будуць канкурыраваць якасцю прадукцыі".

Ён нагадаў, што ў мінулым годзе ў рэспубліцы дзейнічала рашэнне МАРГ аб устанаўленні гранічных мінімальных цэн на белы крышталічны цукар. Паводле даных статыстыкі, на працягу года сярэдні кошт кілаграма цукру не змяніўся, застаўся на ўзроўні Br1,5.

Аляксандр Забела адзначыў, што пытанне справядлівай цэны вельмі актуальнае ў ЕАЭС. Вопыт Беларусі калегі ацанілі станоўча: цяпер размова ідзе аб тым, каб ва ўсіх краінах саюза ўвесці дзяржрэгуляванне цэн на цукар. "Гэта эканамічны падыход, які дасць магчымасць выраўнаваць сітуацыю, не загнаць у страты вытворчасць на ўсіх этапах - пачынаючы з поля і заканчваючы рэалізацыяй у рознічным гандлі, каб сёння зараблялі і сельгаспрадпрыемствы, і вытворцы, і гандаль", - дадаў ён.

Бакі сышліся на думцы, што справядлівая аптова-адпускная цана на белы цукар - $500-550 за тону. На спажыўцоў увядзенне такой меры ніяк не паўплывае, падаражання ніхто не адчуе. Акрамя таго, у магазінах па-ранейшаму будуць дзейнічаць акцыі і скідкі.

Таксама старшыня канцэрна "Белдзяржхарчпрам" закрануў тэму стварэння сумесна з Расіяй адзінай экспартнай кампаніі. "Пакуль мы абмяркоўваем механізмы яе работы, але скажу так: нашы экспартныя аб'ёмы несупастаўляльныя з аб'ёмамі расійскіх вытворцаў. Там вытворцы могуць дазволіць сабе адгружаць цукар па мінімальных цэнах, нам жа неабходна думаць аб тым, як спрацаваць хаця б на нуль. Пытанне ў тым, каб продажы былі рэнтабельныя", - сказаў ён.

Паводле слоў Аляксандра Забелы, беларускі цукровы рынак узаемазвязаны з рынкам ЕАЭС, і пакуль пытанне балансу попыту, вытворчасці і рэалізацыі не вырашана. Асноўныя ігракі, якія цалкам закрываюць унутраныя патрэбнасці і маюць экспартныя рэсурсы, - Беларусь і Расія. З улікам пераходзячых запасаў на саюзным рынку прафіцыт цукру дасягнуў амаль 1 млн т.

"У канцы жніўня міністр па прамысловасці і аграпрамысловым комплексе Еўразійскай эканамічнай камісіі Аляксандр Субоцін правёў кансультацыі па пытаннях аб сітуацыі на рынку цукру і кандытарскіх вырабаў. Удзельнікі адобрылі неабходнасць прыняцця мер, што выраўноўваюць умовы імпарту цукру і цукру-сырцу, а таксама кандытарскіх вырабаў усімі краінамі - членамі ЕАЭС", - адзначыў Аляксандр Забела.

Краіны разам шукаюць магчымыя шляхі выхаду на рынкі трэціх краін. У саюзе з наступнага года бакі дамовіліся ўстараніць усе выключэнні.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі