Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
30 верасня 2022, 16:22

БЕЛАЗ прэзентаваў навінкі тэхнікі і інавацыйныя распрацоўкі

30 верасня, Жодзіна /Кар. БЕЛТА/. Беларускі аўтазавод прадэманстраваў навінкі тэхнікі і інавацыйныя распрацоўкі на выпрабавальным палігоне прадпрыемства ў рамках форуму "БЕЛАЗ-2022. Лічбавізацыя і экалагічнасць - драйверы росту ў горназдабыўной прамысловасці Расіі", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Самая значная навінка гэтага года - гібрыдны кар'ерны самазвал грузападымальнасцю 130 т. Гэта навінка не толькі для нас, але і для ўсёй горназдабыўной прамысловасці. Такі від тэхнікі ніхто яшчэ не рабіў. На машыне ўстаноўлены дызель-генератар малой магутнасці, рухавік ад 55-тоннага кар'ернага самазвала. Дадатковую магутнасць мы атрымліваем ад акумулятарных батарэй, якія ўстаноўлены на борце самазвала. Навінка дае магчымасць эканоміць выдаткі на дызельнае паліва на 40 працэнтаў. Гэта значная выгада для горназдабыўных кампаній, якія імкнуцца знізіць гэты складнік, паколькі расходы на дызельнае паліва - самыя вялікія пры здабычы карысных выкапняў", - сказаў генеральны канструктар ААТ "БЕЛАЗ" - начальнік НТЦ імя А.М. Ягорава Аляксандр Наскавец.

Машына цяпер праходзіць палігонныя выпрабаванні ва ўмовах завода. "Да канца года мы яе адгрузім у Кузбаскі рэгіён, дзе яна пройдзе эксплуатацыйныя выпрабаванні", - дадаў генеральны канструктар.

На БЕЛАЗе вялікая ўвага ўдзяляецца развіццю лічбавізацыі. "Мы самастойна стварылі сістэму маніторынгу кар'ернага транспарту. Таксама вядзём распрацоўкі ў галіне віртуальнай рэальнасці. Для нашых спажыўцоў, спецыялістаў распрацоўваем комплекс праграмных рашэнняў, якія дадуць магчымасць перайсці да своеасаблівага віртуальнага сусвету БЕЛАЗ, у якім мы ўбачым на сённяшні дзень тры напрамкі, аднак разумеем, што іх намнога больш", - адзначыў начальнік аддзела сістэм інтэлектуальнага кіравання кар'ерам ААТ "БЕЛАЗ" Дзмітрый Елісееў.

"Першы напрамак - гэта віртуальная выстаўка, дзе дылеры могуць сфарміраваць пул тэхнікі, якая цікава канкрэтнаму спажыўцу, паказаць машыны, абмеркаваць нейкія канструктарскія рашэнні і даць зваротную сувязь на прадпрыемства. Другі - апісанне прынцыпаў работы вузлоў, ён арыентаваны на навучальныя ўстановы, дзе праходзяць падрыхтоўку спецыялісты, якія ў далейшым будуць працаваць з тэхнікай БЕЛАЗ. Самы вялікі праект, які мы цяпер запускаем, - віртуальная майстэрня, у якой ужо рэалізаваны модуль зборкі-разборкі матор-кола ад ўстаноўкі проціадкатных упораў да рэгулявання канічных падшыпнікаў. Увесь тэхналагічны цыкл раскладзены па палічках. У канцы мы выходзім на экзамен, які пацвярджае якасць праходжання навучання. У далейшым плануем зрабіць такія ж модулі па рабоце з сістэмай падвескі, з электронікай, з гідрамеханічнай каробкай перадач", - расказаў ён.

Сваімі ўражаннямі ад работы з тэхнікай Беларускага аўтазавода падзяліліся прадстаўнікі расійскіх кампаній. "Сёння БЕЛАЗ у горнай справе нумар адзін. Завод вырабляе самы надзейны і даступны прадукт. Ніводнае прадпрыемства свету не можа пахваліцца такой шырокай лінейкай самазвалаў. У парку нашай кампаніі ёсць практычна ўсе віды беларускіх самазвалаў. Цяпер нам цікавы гібрыдныя машыны, на газе, на акумулятыўных батарэях", - адзначыў генеральны дырэктар ТАА "АВ Майнінг" Дзмітрый Дунцаў.

Таксама даволі даўно з БЕЛАЗ супрацоўнічае "Нарыльскі нікель". "Мы паспяхова выкарыстоўваем 130-тонныя машыны на нашых адкрытых горных работах. У гэтым годзе пачалі ўзаемадзейнічаць больш цесна і ўжо некалькі разоў прыязджалі на завод. Мы развіваем напрамкі. У частцы экалогіі актыўна прапрацоўваем газавую машыну, а таксама акумулятарна-тралейныя машыны. Гібрыд у бягучых умовах - вельмі цікавае рашэнне. Падкрэслю, што ў нас заўсёды вельмі добрыя ўражанні ад тэхнікі Беларускага аўтазавода", - звярнуў увагу дырэктар дэпартамента прамысловых актываў ПАТ "ГМК" Нарыльскі нікель" Андрэй Скокаў.

ААТ "БЕЛАЗ" - кіруючая кампанія холдынга "БЕЛАЗ-Холдынг" - буйнейшы сусветны вытворца кар'ерных самазвалаў і транспартнага абсталявання для горназдабыўной і будаўнічай прамысловасці. Займае каля 30 працэнтаў сусветнага рынку кар'ерных самазвалаў асабліва вялікай грузападымальнасці. Вырабляе самы буйны ў свеце кар'ерны самазвал грузападымальнасцю 450 т.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі