Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
20 кастрычніка 2020, 11:24

БЕЛАЗ прадаўжае нарошчваць экспарт у краіны далёкага замежжа

20 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. ААТ "БЕЛАЗ" - кіруючая кампанія холдынга "БЕЛАЗ-Холдынг" прадаўжае нарошчваць экспарт у краіны далёкага замежжа, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе прадпрыемства.

"За дзевяць месяцаў гэтага года дыверсіфікацыя экспарту б'е рэкорды: сярэднямесячная адгрузка ў краіны далёкага замежжа і доля рынкаў далёкага замежжа ў агульным аб'ёме паставак тэхнікі максімальныя ў параўнанні з гадавымі значэннямі за ўсю гісторыю кампаніі", - расказалі ў прэс-службе.

Са студзеня па верасень продажы прадукцыі ў краіны далёкага замежжа выраслі ў 2,6 раза ў параўнанні з паказчыкам аналагічнага перыяду мінулага года. За дзевяць месяцаў удзельная вага гэтага рынку ў агульным аб'ёме адгрузкі склала 43,8 працэнта (плюс 36,4 працэнта да ўзроўню студзеня - верасня 2019-га), у верасні - 46,8 працэнта (плюс 36,1 працэнта да верасня мінулага года).

З 22 дзяржаў, куды пастаўлялася тэхніка з пачатку года, 15 - гэта краіны далёкага замежжа. "У прыватнасці, у Індыю ў верасні адгружана чарговая партыя 130-тонных самазвалаў, а ў цэлым з пачатку года - 61 кар'ерны самазвал грузападымальнасцю 130 т па кантракце на пастаўку 77 машын. У ПАР пасля шасцігадовага перапынку аднавіліся пастаўкі і адгружаны 240-тонныя кар'ернікі БЕЛАЗ-75311. У Алжыр пастаўлены дзве вялікія партыі 60-тоннікаў, а таксама франтальныя пагрузчыкі, а з 2019 года па верасень 2020-га сумарна рэалізаваны ўжо 33 адзінкі тэхнікі", - растлумачылі на прадпрыемстве.

Таксама пастаўляліся кар'ерныя самазвалы, бульдозеры і іншыя машыны ў Манголію, Польшчу, Балгарыю, Боснію і Герцагавіну.

На ўнутраны рынак за дзевяць месяцаў прададзена 10,2 працэнта прадукцыі БЕЛАЗА, на экспарт адпраўлена 89,8 працэнта, з іх у Расію - 33,1 працэнта, у іншыя краіны блізкага замежжа (Арменію, Грузію, Казахстан, Узбекістан і Украіну) - 12,9 працэнта.

Традыцыйна лідзіруюць у адгрузцы тэхнікі кар'ерныя самазвалы наступных класаў грузападымальнасці: 110-130 т - 37 працэнтаў, 45 т - 20 працэнтаў, 55-60 т - 18 працэнтаў.

Да канца года запланаваны пастаўкі кар'ернай тэхнікі ў Расію, Казахстан, Украіну, Манголію, Алжыр, Індыю, Інданезію і іншыя краіны.

"У пашырэнні тэхнікі БЕЛАЗ на рынкі далёкага замежжа з пачатку года прадпрыемства дасягнула значных поспехаў. Станоўчыя вынікі прынеслі актыўная маркетынгавая палітыка па выхадзе на новыя рынкі збыту і замацаванні там, пастаянны пошук дадатковых магчымасцей для павелічэння продажаў па ўсім свеце",-падкрэслілі ў прэс-службе.

ААТ "БЕЛАЗ" - кіруючая кампанія холдынга "БЕЛАЗ-Холдынг" - буйнейшы сусветны вытворца кар'ерных самазвалаў і транспартнага абсталявання для горназдабыўной і будаўнічай прамысловасці. Займае каля 30 працэнтаў сусветнага рынку кар'ерных самазвалаў асабліва вялікай грузападымальнасці. Вырабляе самы вялікі ў свеце кар'ерны самазвал грузападымальнасцю 450 т.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі