Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
19 сакавіка 2024, 10:53

БЕЛАЗ паставіў вялікую партыю кар'ерных самазвалаў у Карэлію

Фота БЕЛАЗа
Фота БЕЛАЗа
19 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. 27 кар'ерных самазвалаў серыі БЕЛАЗ-7531 грузападымальнасцю 240 т сталі часткай парку тэхналагічнага транспарту чыгуначнага кар'ера на горна-абагачальным прадпрыемстве "Карэльскі акатыш". Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе прадпрыемства.

Беларускія самазвалы прызначаны замяніць замежную тэхніку, вытворцы якой сышлі з расійскага рынку. "Разам з беларускімі партнёрамі мы фарміруем уласны парк велікагрузнай тэхнікі. Гэта наш відавочны адказ на санкцыйны націск, які на нас аказваецца", - падкрэсліў кіраўнік Рэспублікі Карэлія Артур Парфенчыкаў пры наведванні вытворчай пляцоўкі прадпрыемства, дзе збіраюць кар'ерныя самазвалы БЕЛАЗ.

19 велікагрузаў ужо сабраны і паспяхова прайшлі тэхнічны агляд, атрымаўшы адпаведныя пасведчанні. Яшчэ 8 машын чакаюць сваёй чаргі. "Пасля таго як мы збіраем самазвал, на працягу сутак праводзяцца пусканаладачныя работы, - расказалі карэльскія гарнякі. - Затым БЕЛАЗ паўнацэнна запускаецца ў абкатку на першыя 100 мотагадзін. Пасля гэтага робіцца замена ўсіх тэхнічных вадкасцей, і самазвал выходзіць на сваю стапрацэнтную прадукцыйнасць - вязе нам горную масу".

Новыя 240-тонныя самазвалы аснашчаны эканамічнымі рухавікамі і сучаснымі сістэмамі бяспекі. Электроніка фіксуе, колькі пароды загружана, вызначае ціск у шынах, перасцерагае ад дотыку высакавольтных ліній і гэтак далей. Чалавек тут - як аператар вялікага камп'ютарнага цэнтра. Паводле слоў аператараў БЕЛАЗаў, машына ідзе мякка, кабіна бяспечная і камфортная.

У цэлым у Карэліі, дзе ў вялікіх аб'ёмах здабываюць прыродны камень - граніт, кварцыт, мармур, - сёння эксплуатуецца больш за 150 самазвалаў БЕЛАЗ грузападымальнасцю ад 30 т да 240 т і спецтэхнікі.

ААТ "БЕЛАЗ" - кіруючая кампанія холдынга "БЕЛАЗ-Холдынг" - буйнейшы сусветны вытворца кар'ерных самазвалаў і транспартнага абсталявання для горназдабыўной і будаўнічай прамысловасці. Займае каля 30 працэнтаў сусветнага рынку кар'ерных самазвалаў асабліва вялікай грузападымальнасці. Вырабляе самы буйны ў свеце кар'ерны самазвал грузападымальнасцю 450 т.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі