Сцяг Субота, 6 ліпеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
09 чэрвеня 2021, 13:19

БЕЛАЗ пачаў выпрабаванні новага аэрадромнага цягача

9 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускі аўтамабільны завод пачаў выпрабаванні новага аэрадромнага цягача БЕЛАЗ-54010, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе прадпрыемства.

Цягач прызначаны для буксіроўкі паветраных суднаў з узлётнай масай да 150 т. Выпрабаванні доследнага ўзору з атрыманнем сертыфіката адпаведнасці плануецца завяршыць да канца 2021 года.

Машына мае шэраг прывабных для спажыўца рашэнняў: рухавік DEUTZ магутнасцю 136 к.с. з электроннай сістэмай кіравання і дыягностыкі, сучасную аўтаматычную гідрамеханічную трансмісію з шасцю ступенямі пярэдняга ходу і трыма задняга, узмоцненыя вядучыя масты з убудаванымі шматдыскавымі тармазамі, гідраўлічнае рулявое кіраванне, якое забяспечвае чатыры рэжымы рулення - асобна кожным з мастоў, рух крабам, паварот пярэднімі і заднімі коламі насустрач адзін аднаму для змяншэння радыуса. Акрамя таго, цягач мае вялікі выварат колаў, які дазваляе лёгка манеўраваць у вузкіх прасторах і пры складанай траекторыі руху, камфортную кабіну з панарамным шклом, кандыцыянерам і ацяпленнем, з прымяненнем сучасных шумаізаляцыйных матэрыялаў, а таксама электронную панэль прыбораў з вадкакрышталічным дысплэем і сістэму відэаагляду пры руху заднім ходам.

Вытворцаў такой тэхнікі ў свеце няшмат. БЕЛАЗ рыхтуецца заняць сваю нішу ў гэтым сегменце і вывесці на рынак поўны рад тэхнікі для абслугоўвання аэрапортаў, у першую чаргу - аэрадромных цягачоў. Ужо выраблены і пастаўлены спажыўцам аэрадромныя цягачы БЕЛАЗ-7427 для буксіроўкі самалётаў з узлётнай масай да 600 т. Праектуецца машына для буксіроўкі паветраных суднаў з узлётнай масай да 260 т. Уся тэхніка адпавядае тэхнічным патрабаванням IATA (Міжнародная асацыяцыя паветранага транспарту).

ААТ "БЕЛАЗ" - кіруючая кампанія холдынга "БЕЛАЗ-Холдынг" - буйнейшы сусветны вытворца кар'ерных самазвалаў і транспартнага абсталявання для горназдабыўной і будаўнічай прамысловасці. Займае каля 30 працэнтаў сусветнага рынку кар'ерных самазвалаў асабліва вялікай грузападымальнасці. Вырабляе самы вялікі ў свеце кар'ерны самазвал грузападымальнасцю 450 т.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі