
26 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. "Беларуснафта" завяршыла пілотны праект па павышэнні ўзроўню здабычы на шасці радовішчах у Індыі. Аб гэтым паведаміў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Індыя ў Рэспубліцы Беларусь Алок Ранджан Джа ў інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА ў дзень нацыянальнага свята, якое адзначаецца 26 студзеня.
Гаворачы ў цэлым аб развіцці двухбаковага гандлю, дыпламат падкрэсліў, што праблемы лагістыкі і плацяжоў, асабліва звязаныя з экспартам калійных угнаенняў з Беларусі, апошнім часам аказалі ўплыў на двухбаковы гандаль. "Таму настаў час выйсці за рамкі традыцыйных напрамкаў і вывучыць новыя прадукты і сферы супрацоўніцтва. Асноўны прабел - адсутнасць інфармацыі ў абодвух бакоў аб магчымасцях, якія існуюць у нашых краінах. Мы працуем над вырашэннем гэтай праблемы, дзелячыся спісам тавараў, што ўяўляюць цікавасць для двухбаковага гандлю, а таксама прымаючы ўдзел у выстаўках", - сказаў Алок Ранджан Джа.
"Прыкладам можа служыць удзел канцэрна "Белнафтахім" у выстаўцы India Chem 2022 у Нью-Дэлі, - дадаў пасол. - Абедзве краіны з'яўляюцца экспарцёрамі нафтахімічнай прадукцыі, і ў сувязі з гэтым мы адзначаем такі крок як пазітыўны. Тут жа можна прывесці і прыклад кампаніі "Беларуснафта", якая завяршыла пілотны праект па павышэнні ўзроўню здабычы на шасці радовішчах у Індыі, якія належаць індыйскай нафтагазавай карпарацыі, у 2020-2021 гадах".
Кіраўнік дыпмісіі дадаў, што падтрымліваюцца кантакты паміж Нацыянальным цэнтрам маркетынгу і кан'юнктуры цэн Беларусі і ўстановамі-партнёрамі ў Індыі, паміж гандлёва-прамысловымі палатамі абедзвюх краін.
***Поўны тэкст інтэрв'ю выйдзе на стужцы навін і будзе размешчаны на сайце БЕЛТА.-0-