Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
10 лістапада 2020, 11:35

"Беларуснафта" ўкараняе лічбавы фармат у сістэме захоўвання нафтапрадуктаў

10 лістапада, Гомель /Кар. БЕЛТА/. "Беларуснафта" ўкараняе новыя разумныя тэхналогіі ў сістэме захоўвання нафтапрадуктаў, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе прадпрыемства.

Поўную аўтаматызацыю працэсаў і кантроль у анлайн-рэжыме ў кампаніі называюць новым словам у сістэме захоўвання нафтапрадуктаў. Лічбавы фармат стартаваў у лістападзе.

Так, 11 буйнейшых складоў захоўвання нафтапрадуктаў даччыных прадпрыемстваў "Беларуснафты" пераведзены на новую мадэль работы. Тут выкарыстоўваюць праграмныя прадукты АРМ "Улік нафтапрадуктаў у рэзервуарным парку СЗН" і АІС "Маніторынг СЗН". Яны даюць магчымасць у анлайн-рэжыме адсочваць прыёмку, перамяшчэнне, захоўванне і адгрузку нафтапрадуктаў. Праграмы сігналізуюць аб самых нязначных адхіленнях ад нормы ў работе абсталявання, а таксама трансліруюць паказчыкі якаснага і колькаснага стану нафтапрадукту.

"Тое, што раней патрабавала ручнога кантролю, цяпер даверана разумным тэхналогіям. Аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма "Маніторынг складоў захоўвання нафтапрадуктаў" укаранёна пры непасрэдным удзеле ўпраўлення нафтапрадуктазабеспячэння цэнтральнага апарату кампаніі, даччыных прадпрыемстваў па нафтапрадуктазабеспячэнні на аснове інфармацыйных тэхналогій, распрацаваных інжынерамі-праграмістамі вытворчага ўпраўлення "Сувязьінфармсэрвіс". Дае магчымасць інтэграваць у адзіную сістэму фактычныя тэхналагічныя даныя, прыходна-расходныя дакументы, у рэжыме рэальнага часу аддалена кантраляваць усе працэсы на СЗН, фіксаваць сітуацыі, звязаныя з адхіленнем ад нармальнага рэжыму работы, аператыўна прымаць рашэнні ў няштатных сітуацыях", - расказалі на прадпрыемстве.

Кантраляваць бягучую сітуацыю на асобна ўзятым складзе і ў канкрэтным рэзервуары можна ў любы момант з рабочага месца спецыялістаў. Пункты доступу адкрыты як у рэгіянальных прадпрыемствах нафтапрадуктазабеспячэння, так і ва ўпраўленні цэнтральнага апарату кампаніі.

Розніцу з папярэднім вопытам на прадпрыемстве называюць касмічнай.

Паводле слоў начальніка ўпраўлення нафтапрадуктазабеспячэння ЦА "Беларуснафты" Юрыя Ананчанкі, рэалізацыя праекта - першы крок да лічбавізацыі нафтабазавай гаспадаркі кампаніі. "Гэта калектыўная праца, якая запатрабавала каля двух гадоў работы розных падраздзяленняў "Беларуснафты". На стартавым этапе ў праграму маніторынгу ўключаны 11 СЗН, на якія прыпадае асноўны аб'ём перавалкі нафтапрадуктаў. Гэта сучасныя аб'екты, што прайшлі мадэрнізацыю. Цяпер яны адпавядаюць і максімальным лічбавым патрабаванням. Дзякуючы ўкараненню праграмнага прадукту АІС "Маніторынг СЗН" усе працэсы, якія адбываюцца на нафтабазах, зведзены ў адну інфармацыйную сістэму і дзейнічаюць па адзіным алгарытме. Цяпер усё вельмі празрыста", - адзначыў ён. Дзякуючы лічбавым тэхналогіям забяспечваецца высокі ўзровень бяспекі, максімальная экалагічнасць і эфектыўная эканоміка.

Эфектыўнасць лічбавых тэхналогій адзначаюць на ўсіх узроўнях сістэмы. Цяпер у кампаніі робяць захады па ўкараненні "лічбы" і ў дзейнасць нафтабаз, якія не абсталяваны аўтаматызаванымі сістэмамі кантролю. У ліку навацый бліжэйшай перспектывы - аўтаматызацыя ўліку чыгуначных і аўтатранспартных перавозак нафтапрадуктаў.

Вытворчае аб'яднанне "Беларуснафта" створана ў 1966 годзе. Прадпрыемства вядзе пошук, разведку і распрацоўку нафтавых радовішчаў, бурэнне свідравін, здабычу нафты і спадарожнага нафтавага газу ў Беларусі, працуе ў нафтавай сферы іншых краін.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі