Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
14 жніўня 2013, 11:39

"Беларуснафта" створыць сетку зарадных станцый для электрамабіляў

14 жніўня, Гомель /Валерый Сідорчык - БЕЛТА/. Аб'яднанне "Беларуснафта" пачало рэалізацыю праекта па стварэнню ў рэспубліцы сеткі электразарадных станцый для абслугоўвання ўладальнікаў электрамабіляў. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе прадпрыемства.

Завяршаецца распрацоўка адпаведнага праграмнага забеспячэння, праводзіцца тэндар на закупку спецыяльнага абсталявання. Прынята рашэнне на пачатковым этапе праекта ўстанавіць гэта абсталяванне на чатырох аўтазаправачных станцыях фірменнай сеткі "Беларуснафта", у тым ліку адна з іх будзе размешчана ў Мінску.

Месцы размяшчэння электразарадных станцый выбраны з улікам максімальнай зручнасці для будучых кліентаў. Для наладжвання схемы абслугоўвання "Беларуснафта" плануе набыць электрамабіль.

Паводле ацэнак спецыялістаў, цяпер "Беларуснафта" з'яўляецца буйнейшым на тэрыторыі рэспублікі аператарам у сферы рознічнай рэалізацыі нафтапрадуктаў, а таксама сціснутага прыроднага газу. На яго долю прыпадае да 70 працэнтаў аб'ёму продажу аўтамабільнага паліва ў розніцу ў Беларусі. У фірменнай сетцы налічваецца больш як 510 прадпрыемстваў, што складае дзве трэці ўсіх аўтазаправачных комплексаў краіны.

Вытворчае аб'яднанне "Беларуснафта" створана ў 1966 годзе. Прадпрыемства вядзе пошук, разведку і распрацоўку нафтавых радовішчаў, бурэнне свідравін, здабычу нафты і спадарожнага нафтавага газу, працуе ў нафтавай сферы іншых краін, у тым ліку ў Расіі, Украіне, Венесуэле, Эквадоры.
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі