Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
31 снежня 2019, 09:43

"Беларуснафта-Сібір" пашырыць супрацоўніцтва з буйнымі ігракамі расійскага нафтавага бізнесу

31 снежня, Гомель /Кар. БЕЛТА/. У 2020 годзе ТАА "Беларуснафта-Сібір" пашырыць супрацоўніцтва з вялікімі ігракамі расійскага нафтавага сэрвісу і бізнесу, паведаміў журналістам дырэктар прадпрыемства Дзмітрый Гузаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў Дзмітрыя Гузава, кампанія паспяхова замацавала пазіцыі ў сферы нафтасэрвісу ў краіне-суседцы ў бягучым годзе. Асноўныя заказчыкі - буйнейшыя ігракі нафтавага сэрвісу і бізнесу: групы кампаній "Газпрам", "Газпрамнафта", "Раснафта" і "Наватэк". "У адыходзячым годзе мы значна пашырылі сваю прысутнасць на аб'ектах кампаній "Газпрамнафта". Выступаем падрадчыкамі па аказанні паслуг па бурэнні бакавых ствалоў, капітальным рамонце свідравін і іншыя, - расказаў ён. - З 2007 года пастаянна працуем з групай кампаній "Раснафта".

У 2020 годзе плануецца пашырыць супрацоўніцтва з групамі кампаній "Газпрамнафта" як у частцы эксплуатацыйнага бурэння, так і па паслугах па бурэнні бакавых ствалоў. Ёсць дамоўленасці з кампаніяй "Раснафтагаз" па эксплуатацыйным бурэнні свідравін.

Папярэдне рост да чаканых паказчыкаў бягучага года ацэньваецца на 15-20 працэнтаў. "Гэта прагназуемыя, ацэначныя лічбы. Акрамя гэтага, пакуль не па ўсіх тэндарах падведзены вынікі. Якасць нашых паслуг адпавядае патрабаванням, якія выстаўляюць заказчыкі. Нас хочуць бачыць і прапануюць работу ў розных рэгіёнах", - падкрэсліў Дзмітрый Гузаў.

Паводле ацэнкі кіраўніка, прадпрыемства ўпэўнена замацавала пазіцыі ў рэгіёне Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі. "Ёсць некалькі праектаў за палярным кругам. Гэта ў большай ступені заказы па капітальным рамонце свідравін. Адзін з апошніх выйграных тэндараў - на выкананне рамонтных работ на Паўднёва-Тамбейскім газакандэнсантным радовішчы для ААТ "Ямал СПГ". Гэта адна з самых крайніх кропак Расіі", - адзначыў Дзмітрый Гузаў.

З пазіцыі сённяшняга дня і аналізу сітуацыі на рынку нафтапаслуг дырэктар ТАА "Беларуснафта-Сібір" робіць заключэнне, што 2020 год будзе ў некаторым плане прарыўным у сферы нафтасэрвісу. "Ужо цяпер праглядаецца высокі попыт на паслугі нашага профілю ў Расіі. Ёсць усе перадумовы для развіцця сферы нафтасэрвісу, асабліва ў напрамку бурэння. Ёсць і патрэбнасць у буравых падрадчыках, адчуваецца пэўны дэфіцыт", - падзяліўся ён.

Паўночны актыў ВА "Беларуснафта" - ТАА "Беларуснафта-Сібір" - створаны ў 2008 годзе. Сярод яго асноўных відаў дзейнасці - бурэнне бакавых ствалоў, свідравін, капітальны і бягучы рамонт свідравін, сэрвіс па суправаджэнні буравых прамывачных вадкасцей, паслугі па нахілена-накіраваным бурэнні, тампанажныя работы. "Калі ў самым пачатку шляху ў склад кампаніі ўваходзілі тры брыгады па бурэнні бакавых ствалоў, то сёння наш арсенал уключае ў сябе 15 брыгад, 15 установак грузападымальнасцю 125-200 т, з іх 11 - беларускай вытворчасці. Колькасны склад - больш як 2 тыс. чалавек, звыш 1,5 тыс. з якіх - беларусы", - падагульніў Дзмітрый Гузаў. Таксама ён адзначыў, што калі яшчэ тры гады таму спецыялісты "Беларуснафта-Сібір" самі выходзілі на заказчыкаў, то цяпер наадварот. Нафтавікі шукаюць надзейнага падрадчыка і папаўняюць партфель заказаў ТАА.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі