Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
14 чэрвеня 2019, 19:29

Беларускія вучоныя далі рэкамендацыі аграрыям, як даглядаць пасевы ў спёку і засуху

14 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія вучоныя далі рэкамендацыі аграрыям, як даглядаць пасевы ў спёку і засуху, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання.

Як расказалі ў Белгідрамеце, у першай дэкадзе чэрвеня з-за дэфіцыту ападкаў практычна на ўсёй тэрыторыі Беларусі адбылося змяншэнне вільгацезапасаў у глебе. Плошчы з недахопам вільгаці ў глебе ў паўднёва-ўсходняй частцы, па ўсходзе і захадзе краіны пашырыліся. "Да канца другой дэкады чэрвеня захаванне гарачага з недаборам ападкаў надвор'я будзе ўскладняць аграметэаралагічныя ўмовы для фарміравання коласа яравых збожжавых культур. Чаканыя ў бліжэйшыя дні лакальныя дажджы істотна не папоўняць запасы глебавай вільгаці. Паляпшэнне вільгацезабяспечанасці пасеваў магчыма толькі ў асобных раёнах краіны", - адзначаюць аграметэаролагі. У сувязі з гэтым асабліва важна прымаць дадатковыя меры для захавання ўраджаю.

У НПЦ НАН Беларусі па земляробстве падкрэслілі, што агранамічнай службе гаспадарак неабходна ацэньваць ступень пашкоджання пасеваў засухай і прымаць рашэнне аб перспектывах далейшага яго выкарыстання на кожным полі (або нават частцы поля). Абследаванне пасеваў ужо актыўна праводзіцца ў кожным раёне краіны. "Пасевы азімых і яравых збожжавых культур, якія менш пацярпелі ад засухі і знаходзяцца на стадыі красавання - фарміравання зярняўкі, захавалі зялёкую афарбоўку верхняй часткі парастка і коласа, уключаючы 1-2 верхнія лісты, але маюць вышыню раслін ніжэйшую на 10-20 працэнтаў у параўнанні з аптымальнымі па наяўнасці вільгаці ўмовамі - пры выпаданні ў бліжэйшыя дні дажджоў могуць даць зерне", - адзначылі вучоныя. Каб атрымаць ураджай, перад дажджом або адразу ж пасля трэба правесці азотнае падкормліванне пасеваў збожжавых (прыкладна 30 кг/га). Фунгіцыдную апрацоўку ва ўмовах засухі праводзіць не трэба.

Загінулыя пасевы азімых і яравых збожжавых культур трэба як мага хутчэй убіраць і перасяваць аднагадовымі культурамі, каб атрымаць травяныя кармы. Загінулыя збожжавыя, пад якія падсеяны шматгадовыя травы, таксама неабходна ўбіраць. Калі ўсходы траў зрэджаны, іх можна ўшчыльніць аднагадовым райграсам.

"Па меры магчымасці неабходна максімальна захаваць насенняводчыя пасевы збожжавых культур. У мэтах нарыхтоўкі насення для сяўбы пад ураджай будучага года неабходна прыняць меры па іх вырошчванні і нарыхтоўцы ў менш пацярпелых гаспадарках (раёнах) і прадугледзець умовы забеспячэння імі пацярпелых", - падкрэсліліў НПЦ НАН па земляробстве.

Умовы надвор'я ў бягучым годзе былі неспрыяльнымі для фарміравання першага ўкосу шматгадовых траў. Вучоныя рэкамендуюць арганізаваць арашэнне пашавых травастояў. У сярэднім для тэрыторыі Беларусі прыбаўка ўраджаю сеяных траў ад арашэння складае 2,5 т/га сухога рэчыва. Таксама рэкамендуецца правесці інвентарызацыю выгаралых травастояў, ацаніць іх жыццяздольнасць. Загінулыя травастоі шматгадовых траў трэба пераараць і пасеяць прасяныя, соргавыя, сорга-суданскія гібрыды. "Адрастаючыя травастоі другога ўкосу люцэрны, каласоўніку пакуль не варта касіць. Пасля выпадання ападкаў злакавыя травы трэба падкарміць азотам. Таксама неабходна пашыраць плошчы пад травастоямі люцэрны і яе травасумессю з фестулоліумам або каласоўнікам", - адзначылі ў НПЦ НАН па земляробстве.

Ва ўмовах частай засухі ў сувязі са змяненнем клімату вучоныя рэкамендуюць пашырыць пасевы засухаўстойлівых відаў бабовых траў - баркуну і эспарцэту, асабліва ў Гомельскай і Брэсцкай абласцях. На мінеральных глебах лугавых угоддзяў з кіслотнасцю рн 6-7 рэкамендуецца закласці высокапрадукцыйныя травастоі ўсходняй галегі па 45-50 тыс. га ў кожнай вобласці. Гэта дасць магчымасць забяспечыць высокую прадукцыйнасць сенажацей на 15-20 гадоў. Вучоныя таксама раяць шырэй выкарыстоўваць двух- і трохукосныя травастоі аднагадовых, прамежкавых, паўкосных і паржышчавых культур.

Свае рэкамендацыі далі таксама прадстаўнікі НПЦ НАН Беларусі па бульбаводстве і плодаагародніцтве. Вучоныя прапануюць максімальна задзейнічаць арашальныя сістэмы на паліве агароднінных культур. "Для павышэння эфектыўнасці дажджавання (арашэння, падобнага да дажджу. - Заўвага БЕЛТА) абавязкова трэба праводзіць рыхленне міжрадкоўяў да і пасля паліву. Пры наяўнасці сістэмы кропельнага паліву рэкамендуецца падаваць да раслін комплексныя вадкія ўгнаенні з мікраэлементамі разам з паліўной вадой. У сувязі з масавым з'яўленнем шкоднікаў трэба звярнуць асаблівую ўвагу на абарону агароднінных культур з выкарыстаннем біялагічных і хімічных метадаў", - сказалі спецыялісты.

Падкормліванне ўгнаеннямі і абарону раслін ад шкоднікаў і хвароб неабходна праводзіць у ранішні (з 4.00 да 10.00), вячэрні (з 19.00 да 23.00) і начны час.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі