Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
08 жніўня 2018, 10:55

Беларускія спецыялісты змогуць павышаць кваліфікацыю на інавацыйных індыйскіх фармвытворчасцях

8 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія спецыялісты змогуць павышаць кваліфікацыю на інавацыйных індыйскіх фармвытворчасцях, паведаміў 7 жніўня журналістам старшыня праўлення фармацэўтычнай кампаніі Cipla Limited Юсуф Хваджа Хамід перад сустрэчай са старшынёй Савета Рэспублікі, упаўнаважаным за супрацоўніцтва з Індыяй Міхаілам Мясніковічам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік кампаніі расказаў аб развіцці супрацоўніцтва. Плануецца наладзіць навучанне тэхперсаналу з Беларусі ў Індыі. Паводле слоў Юсуфа Хваджы Хаміда, спецыялісты змогуць павышаць кваліфікацыю на самых сучасных вытворчасцях фармпрадуктаў. Акрамя таго, у час сустрэчы ў Савеце Рэспублікі абмяркоўваліся перспектывы стварэння ў Беларусі цэнтра даследаванняў і распрацовак, а потым - вытворчай пляцоўкі.

Юсуф Хваджа Хамід 6 жніўня прыняў удзел у цырымоніі адкрыцця ландшафтнага комплексу ў гонар пачатку будаўніцтва навукова-тэхналагічнага цэнтра па вытворчасці лякарстваў на базе дзяржаўнага прадпрыемства "Акадэмфарм". Рэалізацыя гэтага буйнога праекта, у які індыйская кампанія інвесціруе $1 млн, таксама абмяркоўвалася на сустрэчы з Міхаілам Мясніковічам. Старшыня Савета Рэспублікі адзначыў, што супрацоўніцтва "Акадэмфарма" і Cipla Limited мае не проста камерцыйны характар. "Размова ідзе аб навукова-інавацыйным супрацоўніцтве. Таму што "Акадэмфарм" і Cipla Limited маюць сумесны інавацыйны інтарэс: навука, доследныя напрацоўкі, масавая вытворчасць, - сказаў ён. - Калі ствараецца СП па вытворчасці суперсучасных патэнтна абароненых прэпаратаў - гэта вышэйшы пілатаж". Кіраўнік верхняй палаты парламента падкрэсліў таксама высокі ўзровень беларускай навукі, аб чым сведчыць інтарэс, які праяўляюць да яе кампаніі сусветнага ўзроўню.

На базе прадпрыемства "Акадэмфарм" будзе створана фармацэўтычная вытворчасць, у тым ліку па выпуску прэпаратаў для лячэння ВІЧ-інфекцыі, гепатыту В, гепатыту С. Для рэалізацыі гэтага праекта індыйская кампанія прадаставіць беларускаму боку сучасныя тэхналогіі і тэхпрыёмы: мікранізацыі, сухога гранулявання, атрымання шматслойных таблетак. Плануецца, што вырабляцца найноўшыя лякарствы будуць па поўным цыкле: ад навуковай ідэі да вырабу. Адкрыццё аб'екта запланавана на вясну 2020 года.

Індыйская транснацыянальная кампанія Cipla Limited, заснаваная ў 1935 годзе, займаецца распрацоўкай, хімічным сінтэзам і вытворчасцю больш як 1,5 тыс. найменняў гатовых лякарстваў у розных формах. Яна вырабляе проціпухлінныя, бронхалітычныя сродкі, імунадэпрэсанты, хіміятэрапеўтычныя, антырэтравірусныя сродкі, антыбіётыкі, антыдэпрэсанты. Чакаецца, што ўсе гэтыя прэпараты будуць выпускацца і ў Беларусі. Cipla Limited прысутнічае ў 150 краінах свету.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі