Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
07 ліпеня 2022, 13:26

Беларускія прадпрыемствы сэканомілі больш за Br2,5 млн на закупках шроту алейных культур праз БУТБ

7 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія прадпрыемствы сэканомілі больш за Br2,5 млн на закупках шроту алейных праз БУТБ, паведамілі ў прэс-службе біржы.

Больш за Br2,5 млн сэканомілі беларускія сельгасарганізацыі ў ІІ квартале, купляючы шрот алейных культур на Беларускай універсальнай таварнай біржы. Скараціць затраты на набыццё гэтай прадукцыі даў магчымасць высокі ўзровень канкурэнцыі сярод пастаўшчыкоў у ходзе біржавых таргоў. У выніку кошт шроту на біржы быў у сярэднім на 3 працэнты ніжэйшы, чым на пазабіржавым рынку. Пры гэтым, як адзначаюць аналітыкі БУТБ, пік росту каціровак на шрот алейных прайшоў ужо і ў бліжэйшай перспектыве значных цэнавых ваганняў не прадбачыцца.

"Першы квартал бягучага года характарызаваўся беспрэцэдэнтным падаражаннем шротаў алейных культур на сусветным рынку, што не магло не паўплываць на біржавыя цэны ў Беларусі. Напрыклад, сярэднеўзважаная цана сланечнікавага шроту ў канцы сакавіка складала $344 за тону, а соевага - $728 за тону. Для некаторых удзельнікаў таргоў такі кошт быў высокім, і яны вымушаны былі скараціць аб'ёмы закупак. Зрэшты, на працягу другога квартала сітуацыя стабілізавалася і цэнавы трэнд змяніўся на процілеглы. У прыватнасці, сланечнікавы шрот патаннеў на 19 працэнтаў, да $280 за тону, а соевы - на 9 працэнтаў, да $661 за тону. Гэта пасадзейнічала аднаўленню пакупной актыўнасці, і біржавыя продажы шроту зноў пайшлі ўверх. Што датычыцца цэн, то, хутчэй за ўсё, рэзкага росту, які назіраўся ў пачатку года, больш не будзе, паколькі ў Расіі ў гэтым годзе чакаецца рэкордны ўраджай алейных культур, а менавіта з гэтай краіны ўвозіцца значная частка шроту, прадстаўленага на біржавой пляцоўцы", - пракаменціравалі ў прэс-службе біржы.

Паводле даных БУТБ, у параўнанні з ІІ кварталам 2021 года аб'ём закупак шротаў алейных на біржавых таргах павялічыўся ў 1,4 раза - як у натуральным, так і ў вартасным выражэнні, склаўшы 103,4 тыс. т і Br138,9 млн адпаведна.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі