Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
11 ліпеня 2018, 16:42

Беларускія прадпрыемствы мясаперапрацоўкі маюць намер атрымаць сертыфікат "Халяль" для паставак у ААЭ

11 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія прадпрыемствы мясаперапрацоўкі маюць намер атрымаць сертыфікат "Халяль" для паставак у Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, паведаміў сёння журналістам пасол Беларусі ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах, а таксама Кувейце, Катары і Саудаўскай Аравіі па сумяшчальніцтве Раман Галоўчанка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Халяль" - гэта не ўніверсальны сертыфікат, які дзейнічаў бы ва ўсіх мусульманскіх краінах. Ёсць розныя сістэмы сертыфікацыі. Таму часта складваецца сітуацыя, калі беларускае прадпрыемства мае сертыфікат "Халяль" на пастаўкі ў Інданезію або Егіпет і мае патрэбу яшчэ ў адным сертыфікаце для паставак у іншы рэгіён - ААЭ, Саудаўскую Аравію. У першую чаргу размова ідзе пра мясныя прадукты, таму што малочныя паспяхова пастаўляюцца на рынкі краін Аравійскага паўвострава. На жаль, сёння пакуль яшчэ ніводнае беларускае мясаперапрацоўчае прадпрыемства не сертыфікавана па эмірацкай сістэме "Халяль". Да мясной прадукцыі прад'яўляюцца асаблівыя патрабаванні, звязаныя з працэсам забою жывёлы, перапрацоўкі мяса і гэтак далей, і беларускія прадпрыемствы мясаперапрацоўчай галіны, якія хочуць працаваць на гэтым рынку, павінны адпавядаць яго патрабаванням. Атрыманне сертыфіката "Халяль" у прыярытэце для нашых прадпрыемстваў", - расказаў Раман Галоўчанка.

У Беларускай гандлёва-прамысловай палаце сёння праводзіцца семінар "Асаблівасці атрымання сертыфіката "Халяль"."Мы запрасілі генеральнага дырэктара эмірацкага агенцтва па стандартызацыі і метралогіі, каб надаць штуршок працэсу сертыфікацыі. Мы гэтым займаемся даўно. Працэдура не вельмі простая, трэба выканаць шмат тэхнічных норм, унесці карэктывы ў тэхналагічны цыкл прадпрыемстваў. Эмірацкая дэлегацыя гатова здымаць усе пытанні, у тым ліку будзе працаваць з беларускімі сертыфікуючымі арганізацыямі, каб акрэдытаваць іх для выдачы сертыфікатаў "Халяль" беларускім прадпрыемствам", - адзначыў пасол.

ААЭ імпартуюць 85-90 працэнтаў усяго харчавання. Па аб'ёме яго імпарт займае 15-е месца ў свеце. "Гэта вельмі істотны, аб'ёмны рынак, гэта не толькі ўнутранае спажыванне, але і вялікі паток рээкспарту ў краіны Усходу, Афрыкі. Мы павінны разглядаць гэты рынак як кропку ўваходу ў цэлы рэгіён, - падкрэсліў Раман Галоўчанка. - Мы знялі ўжо шэраг тэхнічных пытанняў па пастаўках, правялі вялікую работу па прызнанні ветэрынарных сертыфікатаў на харчовую прадукцыю. Нявырашанай задачай засталося атрыманне сертыфіката "Халяль" беларускімі мясаперапрацоўчымі прадпрыемствамі, і яшчэ трэба дапрацаваць пытанні ветэрынарнай інспекцыі прадпрыемстваў".

Апошнія гады назіраецца значны рост паставак беларускага харчавання ў ААЭ. Паводле слоў беларускага пасла, яшчэ тры-чатыры гады таму аб'ёмы паставак былі нязначнымі, а ў мінулым годзе экспарт прадуктаў харчавання ў ААЭ склаў каля $1 млн. Пастаўляецца малочная і рыбакансервавая прадукцыя. На гэтым рынку актыўна працуюць "Санта Брэмар", "Савушкін прадукт", Тураўскі малочны камбінат і шэраг іншых беларускіх малакаперапрацоўчых прадпрыемстваў. "Мы пачалі з гэтай таварнай групы як найбольш простай з пункту гледжання сертыфікацыі і ліцэнзавання, вывучаем рынак, знаходзім добрых партнёраў, уваходзім у гандлёвыя сеткі. Год ад году прырастаем на сотні тысяч долараў, - адзначыў Раман Галоўчанка. - Акрамя таго, у гэтым годзе вельмі добрая дынаміка з Саудаўскай Аравіяй. Раней у нас практычна не было паставак на гэты рынак, а ў гэтым годзе пайшла туды беларуская малочка - сухое малако, кісламалочныя прадукты".

Старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Уладзімір Улаховіч дадаў, што ёсць вялікі патэнцыял прасоўвання беларускай прадукцыі на рынкі мусульманскіх краін. "20 працэнтаў сусветнага харчовага рынку - тыя краіны, дзе запатрабавана прадукцыя з сертыфікатам "Халяль". Прычым апошнія гады гэты сегмент рынку расце вельмі хутка. Калі мы паглядзім на дзесяць краін, дзе найбольш вялікія запыты на харчовую прадукцыю з сертыфікатам "Халяль", то сем з іх - нашы традыцыйныя партнёры: Пакістан, ААЭ, Аман, Інданезія, Егіпет і іншыя. Трэба працаваць, рэалізоўваць гэты патэнцыял, тым больш што сёння востра стаіць пытанне дыверсіфікацыі экспарту", - адзначыў ён.

Генеральны дырэктар Эмірацкага агенцтва па стандартызацыі і метралогіі Абдала аль-Маіні звярнуў увагу, што беларуская харчовая прадукцыя вядома сваёй высокай якасцю. "Мэта гэтага візіту ў Беларусь - адкрыццё новых сфер супрацоўніцтва і новых відаў тавараў для паставак па сертыфікаце "Халяль". У ААЭ была распрацавана зусім новая спрошчаная сістэма сертыфікацыі. Сертыфікат, які будуць выдаваць па гэтай сістэме, будзе падыходзіць адразу для многіх рынкаў", - сказаў ён.

Семінар "Асаблівасці атрымання сертыфіката "Халяль" праводзіць Цэнтр дзелавой адукацыі БелГПП. Ён арганізаваны па новым маштабным праекце палаты "Школа экспарту" і праводзіцца ў мэтах пашырэння экспартных паставак у мусульманскія краіны, а таксама ў іншыя краіны, дзе запатрабавана прадукцыя стандарту "Халяль". Беларускім прадпрыемствам будзе прадастаўлена практычная інфармацыя пра асаблівасці і магчымасці атрымання гэтага сертыфіката, а таксама магчымасць абмеркаваць актуальныя праблемныя пытанні пацвярджэння адпаведнасці прадукцыі канонам ісламу.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі