Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
21 лютага 2020, 18:19

Беларускія электробусы могуць з'явіцца на вуліцах Бішкека

21 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія электробусы могуць з'явіцца на вуліцах Бішкека, паведаміў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Кухараў сёння на пасяджэнні міжурадавай беларуска-кыргызскай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Беларускія машынабудаўнікі гатовы ў поўнай меры забяспечыць патрэбнасці Кыргызстана ў пасажырскай, грузавой і камунальнай тэхніцы. Пытанне абнаўлення парку пасажырскай тэхнікі актуальнае для сталіцы Кыргызстана і многіх іншых гарадоў. У снежні мінулага года дэлегацыя наведала беларускія прадпрыемствы, убачыла апошнія распрацоўкі МАЗа і "Белкамунмаша". Прыемна, што мы змаглі зацікавіць нашымі дасягненнямі па стварэнні электробусаў і тралейбусаў з аўтаномным ходам, пачаць перагаворы па іх набыцці для кыргызскай сталіцы", - сказаў Уладзімір Кухараў.

Віцэ-прэм'ер упэўнены, што з улікам вытворчага патэнцыялу Кыргызстана можна рушыць наперад у рэалізацыі праектаў па стварэнні зборачных вытворчасцей. Так, зборачная вытворчасць трансфарматараў можа быць створана з Мінскім электратэхнічным заводам імя Казлова, ліфтаў - з "Магілёўліфтмашам", газавых лічыльнікаў - з "БелОМА".

Па выніках пасяджэння міжурадавай камісіі сёння плануецца падпісаць пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне сельскай гаспадаркі і харчавання паміж Мінсельгасхарчам Беларусі і Міністэрствам сельскай гаспадаркі, харчовай прамысловасці і меліярацыі Кыргызстана.

Пагадненне аб супрацоўніцтве ў гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай, гуманітарнай і культурнай сферах заключаць Гомельскі аблвыканкам і Апарат паўнамоцнага прадстаўніка ўрада Кыргызстана ў Чуйскай вобласці.

Падпішуць пагадненне аб супрацоўніцтве Мінскі электратэхнічны завод імя Казлова і ТАА "Машэлектраснаб".

Тавараабарот Беларусі і Кыргызстана ў 2019 годзе склаў $106,9 міл і ў параўнанні з 2018 годам скараціўся на 18,5 працэнта. Сальда склалася дадатнае для Беларусі ў памеры $90,3 млн. Асноўнымі пазіцыямі беларускага экспарту сталі малочныя прадукты, трактары і седлавыя цягачы, мяса і субпрадукты птушкі, лякарствы, мэбля і драўняна-стружкавыя пліты. З Кыргызстана імпартаваліся часткі і прылады для аўтамабіляў і трактароў, радыятары, машыны для ўборкі сельгаскультур, агародніна і фрукты.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі