Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
19 лістапада 2021, 09:58

Беларускі стэнд будзе прадстаўлены на выстаўцы арганічнай прадукцыі ў Дубаі

19 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Стэнд беларускай прадукцыі ўпершыню будзе прадстаўлены на галоўнай выстаўцы натуральнай і арганічнай прадукцыі ў рэгіёне Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі Middle East Organic and Natural Product Expo Dubai (MENOPE), якая пройдзе з 6 па 8 снежня ў Дубаі. У рабоце выстаўкі і мерапрыемствах дзелавой праграмы паўдзельнічае экспартная місія з Беларусі, паведамілі БЕЛТА на выставачным прадпрыемстве "Белінтэрэкспа" БелГПП.

"Сегмент арганічнай і натуральнай прадукцыі паказвае стабільны рост у рэгіёне Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі. Эксперты прагназуюць, што аб'ём імпарту арганічнай і натуральнай касметыкі ў гэты рэгіён у 2022 годзе складзе $5 млрд, а аб'ём імпарту арганічных прадуктаў харчавання і напіткаў - $18,42 млрд. Людзі звяртаюць усё больш пільную ўвагу на састаў і ўплыў на здароўе прадуктаў харчавання і касметычнай прадукцыі, якую выкарыстоўваюць яны самі і іх сем'і. Акрамя таго, статус Дубая як ключавой пляцоўкі для рээкспарту ў многія іншыя краіны і рэгіёны робіць выстаўку MENOPE яшчэ больш прывабнай і рэзультатыўнай", - адзначылі ў "Белінтэрэкспа".

У рамках выстаўкі MENOPE прадстаўлены гатовыя прадукты харчавання і харчовыя інгрэдыенты, вырабы для здароўя і прыгажосці, FMCG - спажывецкія тавары і аграрныя тэхналогіі. У выстаўцы прымуць удзел 250 кампаній з 48 краін. Нацыянальныя павільёны прадставяць Аўстрыя, Арменія, Грэцыя, Грузія, Індыя, Іспанія, Італія, Іран, Латвія, Новая Зеландыя, Расія і Тайланд. Выстаўку наведаюць 14 тыс. нішавых пакупнікоў і 600 віп-баераў.

"Заслугоўваюць асаблівай увагі інструменты інтэрнэт-распаўсюджвання і метчмейкінга, якія прапануе MENOPE. 25 прадуктаў кожнай кампаніі - удзельніцы выстаўкі будуць прадстаўлены на анлайн-партале, які шырока рэкламуецца на працягу ўсяго года. У якасці бонуса арганізатар на працягу года пасля выстаўкі штомесяц будзе арганізоўваць для кампаніі-ўдзельніцы перагаворы з пяццю баерамі з розных краін у адпаведнасці з профілем і заяўленай сферай інтарэсаў", - падкрэслілі на выставачным прадпрыемстве.

Усе дні работы выстаўкі будуць напоўнены семінарамі і канферэнцыямі па арганічнай сельскай гаспадарцы, здаровым харчаванні, медыцыне і аздараўленні, арганічных напітках. У рэжыме нон-стоп будзе працаваць Organic Super Kitchen, дзе пройдуць майстар-класы па гатаванні страў з натуральных інгрэдыентаў. У Beauty Lounge прадэманструюць макіяж з экакасметыкі, а на фермерскім рынку наведвальнікам прапануюць набыць свежыя прадукты.

Карысным бонусам для членаў беларускай экспартнай місіі стане паездка на выстаўку прадуктаў харчавання SIAL Middle East, якая праходзіць у гэтыя ж дні ў Абу-Дабі. Дэлегацыі таксама будзе прапанавана наведаць выстаўку ЭКСПА, дзе свае павільёны прадстаўляюць усе без выключэння краіны свету, дэманструючы ў тым ліку дасягненні ў галіне экалогіі, зялёных тэхналогій і здаровага харчавання.

"Харчовыя выстаўкі ў ААЭ традыцыйна дэманструюць высокую рэзультатыўнасць для беларускіх кампаній. Так, вынікам работы прадпрыемстваў з Беларусі на харчовай выстаўцы Gulfood у Дубаі ў лютым 2021 года сталі кантракты на суму $7 млн. Беларускія кампаніі падпісалі экспартныя пагаднення з партнёрамі з Бангладэш, Ганы, Егіпта, Іарданіі, Ірана, Ірака, Емена, Лівана, Лівіі, ААЭ, Пакістана, Саудаўскай Аравіі, Сербіі і Сірыі. А пасля ўдзелу ў выстаўцы Yammex у Дубаі ў лістападзе 2021 года беларускія прадпрыемствы падпісалі 11 экспартных пагадненняў", - дадалі ў "Белінтэрэкспа".

Беларускі стэнд на выстаўцы MENOPE арганізаваны выставачным прадпрыемствам "Белінтэрэкспа" Беларускай гандлёва-прамысловай палаты.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі