Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
05 верасня 2019, 14:08

"Беларуськалій" да 2025 года павялічыць вытворчыя магутнасці па выпуску ўгнаенняў да 15,5 млн т

5 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. "Беларуськалій" да 2025 года павялічыць вытворчыя магутнасці па выпуску ўгнаенняў да 15,5 млн т у год, паведаміў сёння журналістам генеральны дырэктар ААТ "Беларуськалій" Іван Галаваты, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Увод Петрыкаўскага ГАКа і яго выхад на праектныя магутнасці 1,5 млн т угнаенняў у 2023 годзе, а таксама мадэрнізацыя дзеючых фабрык і руднікоў дасць магчымасць да 2025 года павялічыць вытворчыя магутнасці да 15,5 млн т у год. Якой будзе канкрэтная вытворчасць кожны год, гэта вызначаецца станам і рухам на калійным рынку", - адзначыў Іван Галаваты.

У верасні бягучага года плануюць атрымаць першую прадукцыю на новым заводзе па вытворчасці нітрату калію. Фактычна ад пачатку яго будаўніцтва да атрымання прадукцыі мінуў год, звярнуў увагу Іван Галаваты. Дзве вытворчыя лініі забяспечаць вытворчасць 160 тыс. т нітрату калію ў год. На гэты час завяршаецца будаўніцтва першай лініі.

ААТ "Беларуськалій" з'яўляецца адным з буйнейшых вытворцаў і экспарцёраў калійных угнаенняў у свеце. У склад прадпрыемства ўваходзяць чатыры рудаўпраўленні, дапаможныя і абслуговыя падраздзяленні.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі