
17 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская мытня за студзень - сакавік 2023 года павялічыла паступленні ў рэспубліканскі бюджэт на 30 працэнтаў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, паведамілі БЕЛТА ў Дзяржаўным мытным камітэце.
Паводле інфармацыі камітэта, у студзені - сакавіку 2023 года праз беларускі ўчастак граніцы з краінамі Еўрасаюза праехала 273 тыс. грузавых аўтамабіляў, што амаль на 40 працэнтаў менш, чым за аналагічны перыяд 2022 года. Адпаведна зменшыўся і аб'ём перамешчаных гэтымі грузавікамі тавараў.
"Скарачэнне грузапатоку і тавараабароту ў напрамку Еўрасаюза лагічна абумоўлена істотным зніжэннем актыўнасці гандлёвых адносін з асобнымі недружалюбнымі краінамі. Разам з тым беларускі бізнес перабудаваў лагістыку ўвозу і вывазу тавараў, знайшоў новых пастаўшчыкоў і новыя рынкі збыту. Такая тэндэнцыя, а таксама прынятыя мытнымі органамі меры далі магчымасць у першым квартале 2023 года павялічыць паступленні ў рэспубліканскі бюджэт", - расказалі ў ДМК.
Так, за студзень - сакавік гэтага года ад дзейнасці беларускай мытні ў бюджэт паступіла больш за Br3 млрд, што амаль на 30 працэнтаў больш, чым за аналагічны перыяд 2022 года.-0-