Сцяг Серада, 21 мая 2025
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
09 красавіка 2025, 13:10

"Беларускай садавіны на прылаўках стане яшчэ больш". Аграрыі актыўна абнаўляюць пладовыя сады

Фота з архіва
Фота з архіва
9 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Больш за 2 тыс. га старых садоў раскарчавалі ў краіне ў 2023 і 2024 гадах, а вызваленыя ўрадлівыя землі ўключылі ў гаспадарчы абарот. Нізкаэфектыўныя сады замяняюць на новыя з разлікам на добрыя зборы. Якія планы на фруктовы ўраджай у аграрыяў у бягучым годзе, карэспандэнт БЕЛТА пацікавілася ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання.

Доля беларускай садавіны на ўнутраным рынку з году ў год прырастае, што становіцца вынікам прыкладаемых работнікамі аграпрамысловага комплексу намаганняў па абнаўленні садоў: раскарчоўцы старых пасадак і закладцы новых насаджэнняў па інтэнсіўных тэхналогіях, з кропельным палівам. У мінулым годзе сельскагаспадарчыя арганізацыі і фермерскія гаспадаркі рэспублікі сабралі 205,4 тыс. т пладоў і ягад, што на 17 працэнтаў больш, чым у 2021 годзе. Планы на фруктовы ўраджай-2025 яшчэ больш амбіцыйныя: беларускія аграрыі маюць намер вырасціць 229 тыс. т пладова-ягаднай прадукцыі.

"Абнаўленне садоў знаходзіцца на асаблівым кантролі ў кіраўніка дзяржавы. У час рабочай паездкі Прэзідэнта ў 2023 годзе ў Веткаўскі раён было дадзена даручэнне - забяспечыць на належным узроўні раскарчоўку нізкаэфектыўных садоў і актывізаваць закладку новых садовых пасадак для замяшчэння імпартнай прадукцыі айчыннымі пладамі", - нагадалі ў прэс-службе Мінсельгасхарча.

Так, для ўключэння ў гаспадарчы абарот урадлівых зямель, занятых пад пладова-ягадныя насаджэнні, у 2023-2024 гадах у цэлым па рэспубліцы раскарчавана больш за 2 тыс. га старых садоў. І работа па вызначаным трэку прадоўжыцца, бо, згодна з прынятым комплексам мер па развіцці плодаагародніцтва на 2025-2030 гады, раскарчоўцы падвергнуты яшчэ каля 8 тыс. га нізкаэфектыўных садоў з крокам па 1,3 тыс. га ў год.

"Планы па раскарчоўцы садоў аблвыканкамы вызначаюць самастойна, абапіраючыся на вынікі абследавання і стан насаджэнняў. Знішчаюцца зрэджаныя, нерэнтабельныя і неперспектыўныя насаджэнні з устарэлым складам", - пракаменціравалі ў сельскагаспадарчым ведамстве.

Раскарчоўваюць сады гаспадаркі ў асноўным ўласнымі сіламі, але нярэдка прыцягваюць і спецыялізаваныя арганізацыі, назначаючы работы на зіму, вясну ці восень, калі тэхніка свабодная ад пасяўной і ўборачнай кампаній.

Кантралююцца работы не толькі на мясцовым - краінавым узроўні. Рэспубліканскі план правядзення ў 2025-м Года добраўпарадкавання таксама ўключае такі пункт, як раскарчоўка старых садоў, а пасадку пладовых і ягадных сельскагаспадарчых раслін і догляд улічвае дзяржпраграма "Аграрны бізнес" на 2021-2025 гады.

Словам, як запэўнілі ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання, аграрыі прадоўжаць нарошчваць плошчы пасадкі сартоў пладовых і ягадных культур з акцэнтам на інтэнсіўных тэхналогіях і аснашчэнні садовых насаджэнняў кропельным палівам. З 2025 па 2027 год у Беларусі ў планах закласці не менш за 3 тыс. га сучасных садоў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі