Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
10 красавіка 2019, 15:21

Беларусь зацікаўлена ў прыходзе ў краіну бізнесу Амана - Калтовіч

10 красавіка, Мінск /Таццяна Лісатовіч - БЕЛТА/. Беларусь зацікаўлена ў развіцці двухбаковых адносін з Аманам, у прыватнасці ў прыходзе аманскага бізнесу. Аб гэтым заявіў міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Уладзімір Калтовіч у час трэцяга пасяджэння беларуска-аманскага савета дзелавога супрацоўніцтва, які праходзіць сёння ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Міністр са шкадаваннем канстатаваў зніжэнне ўзаемнага тавараабароту паміж краінамі. Так, з $4 млн у 2017 годзе ён скараціўся да $2,3 млн у 2018-м. "Але мы поўныя рашучасці прадаўжаць супрацоўніцтва і аднаўляць нашы пазіцыі, - сказаў Уладзімір Калтовіч. - Мы зацікаўлены ў двухбаковым руху, у прыватнасці ў прыходзе аманскага бізнесу ў Беларусь".

Кіраўнік МАРГ адзначыў, што ў Беларусі створаны спрыяльныя ўмовы для інвесціравання, гарантавана абарона прыватнай уласнасці, інвестыцый і права на рэпатрыяцыю прыбытку. "У Беларусі няма перашкод для рэалізацыі любых прапаноў", - падкрэсліў міністр.

У сваю чаргу старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Уладзімір Улаховіч выказаў упэўненасць, што нягледзячы на невялікую лічбу тавараабароту патэнцыял для развіцця супрацоўніцтва даволі вялікі. "У нас склаліся канструктыўныя ўзаемаадносіны і ў дзелавой сферы, і на міждзяржаўным узроўні. Усё гэта трэба капіталізаваць у канкрэтныя праекты", - лічыць ён.

Як сказаў старшыня БелГПП, сёння лінейка тавараў, што пастаўляюцца Беларуссю ў Аман, нешырокая: у мінулым годзе асноўную частку экспарту склалі малако, вяршкі і калійныя ўгнаенні. Аднак, улічваючы памер імпартнага партфеля гэтай краіны, а таксама планы па дыверсіфікацыі яе эканомікі, Беларусь можа быць цікавым партнёрам для Амана, лічыць Уладзімір Улаховіч. У першую чаргу, паводле яго слоў, размова ідзе аб пастаўках прамысловай прадукцыі, а таксама халяльных прадуктаў харчавання. Яшчэ адзін напрамак, які сёння прапануюць партнёры з Амана, - развіццё лагістычных паслуг.

Не здымаецца з парадку дня і інвестыцыйная тэма. "Акрамя таго, у складзе аманскай дэлегацыі ёсць прадпрыемства, якое зацікаўлена ў развіцці інавацыйных тэхналогій і ІТ-сферы", - адзначыў Уладзімір Улаховіч.

Паводле слоў члена праўлення Гандлёва-прамысловай палаты Амана Раеда Махамада Абдулы Аль Шэхі, аманскі бок мае пэўны інтарэс таксама ў імпарце беларускага абсталявання, у тым ліку для транспартнай сферы, галіны сельскай гаспадаркі. Пры гэтым асноўнае патрабаванне, каб беларускія цэны былі канкурэнтаздольныя ў параўнанні з цэнамі іншых еўрапейскіх краін.

Прадстаўнік аманскай гандлёва-прамысловай палаты таксама адзначыў, што цяпер у Амане ствараецца буйны лагістычны цэнтр, які будзе займацца імпартам прадукцыі (у тым ліку з Беларусі, Расіі і шэрага іншых краін) і далейшым яго пераразмеркаваннем у бліжэйшым рэгіёне.

Сёння ў Мінску праходзіць трэцяе пасяджэнне беларуска-аманскага савета дзелавога супрацоўніцтва, якое праводзіцца Беларускай гандлёва-прамысловай палатай сумесна з Гандлёва-прамысловай палатай Амана.

На пасяджэнні будуць разгледжаны магчымасці развіцця беларуска-аманскага бізнес-супрацоўніцтва, перспектывы рэалізацыі інвестыцыйных праектаў і іншыя пытанні двухбаковага ўзаемадзеяння, адбудуцца прэзентацыі дзелавога клімату Беларусі і Амана, пройдуць В2В перагаворы паміж прадстаўнікамі беларускіх і аманскіх прадпрыемстваў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі