Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
22 ліпеня 2019, 16:35

Беларусь зацікаўлена ў нарошчванні тавараабароту з Сірыяй - Румас

22 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь зацікаўлена ў нарошчванні тавараабароту з Сірыяй, заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Румас сёння на сустрэчы з намеснікам прэм'ер-міністра - міністрам замежных спраў і па справах эмігрантаў Сірыі Валідам аль-Муалемам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы разглядаем ваш візіт як вельмі важны і знакавы для развіцця традыцыйна дружалюбных адносін з Сірыяй. Мы ў Беларусі неабыякавыя да таго, што адбываецца ў вас у краіне, уважліва сочым за ўсімі падзеямі, перажываем разам з вамі. Сірыя з'яўляецца нашым асноўным гандлёвым партнёрам на Блізкім Усходзе, і Беларусь зацікаўлена ў аднаўленні таго ўзроўню тавараабароту, які быў да пачатку ўзброенага канфлікту ў Сірыі. Мы ўпэўнены, што ваш візіт паслужыць далейшай актывізацыі ўзаемавыгаднага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі", - сказаў Сяргей Румас.

Валід аль-Муалем падкрэсліў, што сірыйскі бок таксама зацікаўлены ў аднаўленні тых адносін з Беларуссю, якія былі да пачатку крызісу ў Сірыі. Ён адзначыў неабходнасць пашырэння двухбаковага супрацоўніцтва.

Дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Сірыяй устаноўлены 26 жніўня 1993 года. Сфарміравана развітая дагаворна-прававая база двухбаковых адносін, якая ўключае больш за 30 міждзяржаўных, міжурадавых і міжведамасных пагадненняў. Па выніках 2018 года тавараабарот паміж Беларуссю і Сірыяй склаў $41,1 млн, у тым ліку беларускі экспарт - $37,7 млн. У студзені - маі 2019 года тавараабарот склаў $16,1 млн (у тым ліку беларускі экспарт - $12,6 млн).

Беларусь аказвае гуманітарную дапамогу Сірыі. У 2015-2019 гадах сірыйскаму боку перададзены чатыры партыі гуманітарнай дапамогі, якая ўключала прадукты дзіцячага харчавання, прадукты харчавання, медыкаменты, медыцынскае абсталяванне, коўдры, дзіцячае адзенне і абутак, а таксама тэхніку МАЗ для аднаўлення народнай гаспадаркі Сірыі. Асаблівая ўвага ўдзяляецца праекту па арганізацыі адпачынку і аздараўлення сірыйскіх дзяцей у Беларусі. У 2017-2019 гадах больш за 1 тыс. сірыйскіх дзяцей адпачылі ў Беларусі за кошт сродкаў беларускага боку.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі