Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
02 сакавіка 2020, 19:28

Беларусь зацікаўлена ў доўгатэрміновым кантракце на пастаўку азербайджанскай нафты - Румас

2 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь зацікаўлена ў доўгатэрміновым кантракце на пастаўку азербайджанскай нафты, заявіў сёння прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Румас на сустрэчы з прэзідэнтам дзяржаўнай нафтавай кампаніі Азербайджана Socar Раўнагам Абдулаевым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Беларусь зацікаўлена ў заключэнні доўгатэрміновага кантракта на пастаўку азербайджанскай нафты. Гэту нафту мы плануем перапрацоўваць на Мазырскім НПЗ з выкарыстаннем нафтаправода Адэса - Броды - Мазыр. Лічу, што такое супрацоўніцтва будзе цікава і кампаніі Socar", - сказаў Сяргей Румас.

Кіраўнік урада нагадаў, што ў Беларусі з Socar вялікая гісторыя работы на нафтавым рынку. Рэспубліка купляла ў гэтай кампаніі нафту ў 2011 і 2016 гадах, азербайджанскі бок купляе беларускія нафтапрадукты.

"Не сакрэт, што Беларусь працуе над дыверсіфікацыяй паставак нафты, да гэтага мы ўсю нафту куплялі ў Расійскай Федэрацыі. Але ва ўмовах прадаўжэння падатковага манеўру да 2024 года нафта для Беларусі будзе рыначнай. Вядома, без альтэрнатыўных паставак нафты сёння нельга гаварыць пра энергетычную бяспеку Беларусі, - падкрэсліў Сяргей Румас. - Таму па гэтым напрамку мы хочам шукаць надзейных партнёраў, з якімі можна заключыць доўгатэрміновыя кантракты. Як паказвае практыка работы, Socar якраз можа быць такім надзейным партнёрам".

Пры гэтым прэм'ер-міністр адзначыў, што беларускі бок не выключае пастаўкі нафты з РФ. "Мы не збіраемся на гэтым этапе цалкам выключыць пастаўкі расійскай нафты, а проста абавязаны дыверсіфікаваць іх да пэўнага ўзроўню", - растлумачыў ён.

Акрамя таго, спецыялісты кампаніі Socar цяпер выконваюць будаўніча-мантажныя работы на Мазырскім НПЗ. "З задавальненнем хачу сказаць, што водзывы ад кіраўніцтва "Белнафтахіма", Мазырскага НПЗ вельмі станоўчыя, сапраўды, вашы спецыялісты вельмі якасна робяць гэту складаную работу", - сказаў Сяргей Румас.

Паводле яго слоў, з улікам вялікага вопыту Socar у будаўнічай сферы і работы на Мазырскім НПЗ беларускі бок зацікаўлены ў прысутнасці высокакваліфікаваных працоўных рэсурсаў азербайджанскай кампаніі на будаўніцтве іншых значных інвестыцыйных праектаў у Беларусі.

Кіраўнік урада выказаў надзею, што сённяшняя сустрэча будзе чарговым крокам да ўмацавання двухбаковых адносін у нафтавай галіне паміж Socar і канцэрнам "Белнафтахім".

На сустрэчы ва ўрадзе таксама прысутнічаюць віцэ-прэм'ер Ігар Ляшэнка, які курыруе нафтавую галіну, і старшыня канцэрна "Белнафтахім" Андрэй Рыбакоў.

Як паведамлялася, Socar адправіць першы танкер з нафтай для Беларусі з турэцкага порта Джэйхан 5-6 сакавіка. Аб'ём адпраўляемай нафты складзе каля 85 тыс.т. Арыенціровачна 20 сакавіка плануецца адгрузіць другі танкер з грузінскага порта Супса таксама аб'ёмам каля 85 тыс.т.

У сакавіку чакаецца пастаўка ў порт Клайпеды 160 тыс.т расійскай нафты для беларускіх НПЗ, якая была куплена праз трэйдараў без прэміі.

Акрамя таго, у сакавіку нафту без прэміі будуць пастаўляць шэсць расійскіх кампаній, сярод якіх "Сафмар" і пяць новых для Беларусі пастаўшчыкоў. У прыватнасці, расійская група кампаній "Сафмар" паставіць 300 тыс. т нафты, "УДС нафта" - 50 тыс. т.

Віцэ-прэм'ер Ігар Ляшэнка паведаміў БЕЛТА, што ў гэтым годзе на беларускія НПЗ для перапрацоўкі пастаўляецца каля 1 млн т нафты ў месяц. Такі ж аб'ём прадугледжаны і на сакавік.

Расія з 1 студзеня спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь з-за таго, што не былі дасягнуты дамоўленасці па цане. Як растлумачыў першы віцэ-прэм'ер Дзмітрый Крутой, Беларусь лічыць эканамічна немэтазгодным і бессэнсоўным плаціць прэміі расійскім нафтавым кампаніям у ранейшых аб'ёмах. Ва ўрадзе таксама заяўлялі, што вывучаюцца ўсе магчымыя варыянты альтэрнатыўных паставак.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі