7 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь зацікаўлена актыўней асвойваць рынак Харватыі, якая пакуль з'яўляецца terra incognita, паведаміў журналістам пасол Беларусі ў Венгрыі, Харватыі і Босніі і Герцагавіне Аляксандр Панамароў на бізнес-сустрэчы ў Нацыянальным цэнтры маркетынгу МЗС, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Я назваў бы пакуль Харватыю з пункту гледжання эканамічных перспектыў для нас terra incognita, гэтак жа, як і для Харватыі Беларусь з'яўляецца малавывучаным рынкам. У гэтым і заключаецца задача пасольства Беларусі ў Венгрыі, працуючы па сумяшчальніцтве з Харватыяй, прыцягваць да гэтай краіны ўвагу беларускіх бізнесменаў, прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, каб актыўней асвойваць гэты рынак", - адзначыў Аляксандр Панамароў.
Пасольства Беларусі нацэлена наладжваць масты ўзаемадзеяння, звязваць дзелавыя і навуковыя колы, каб Харватыя была краінай не толькі вядомай добрымі магчымасцямі для турызму, але і партнёрам, з якім будуць знойдзены агульныя інтарэсы для бізнесу.
Цяпер калійныя ўгнаенні - найбольш буйная пазіцыя беларускага экспарту на харвацкі рынак, пры гэтым Беларусь зацікаўлена прапаноўваць не толькі сыравіну. "Нас, вядома ж, цікавіць, каб ішла прадукцыя з большай дабаўленай вартасцю. Для гэтага трэба глыбока вывучаць рынак, аналізаваць яго, рабіць паўнацэнныя маркетынгавыя даследаванні і, вядома, укладвацца ў сертыфікацыю нашай прадукцыі", - сказаў Аляксандр Панамароў. Калі Венгрыя - адна з буйнейшых краін у Еўрасаюзе, якая закупляе беларускую сельгастэхніку, то ў Харватыі яна прысутнічае ў меншых маштабах з улікам памераў тэрыторыі краіны. "Трэба арыентаваць вытворцаў дарожнай, камунальнай, лясной тэхнікі, аўтобусаў, каб яна была сертыфікавана для рынкаў ЕС", - лічыць пасол.
Дэлегацыя Харватыі ў гэтыя дні наведвае Беларусь для вывучэння магчымасцей двухбаковага супрацоўніцтва. Напрыклад, харвацкую кампанію Sedam IT цікавіць вопыт беларускіх распрацоўшчыкаў праграмнага забеспячэння, размова ідзе ў тым ліку аб прыцягненні беларускіх спецыялістаў для работ па аўтсорсінгу.-0-