Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
23 кастрычніка 2020, 14:03

Беларусь забяспечана ўласнымі яблыкамі амаль на 50 працэнтаў

23 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь забяспечана ўласнымі яблыкамі на 48 працэнтаў. Аб гэтым паведаміла намеснік начальніка ўпраўлення арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання - начальнік аддзела спажывецкага рынку Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Наталля Мельнікава ў час круглага стала ў прэс-цэнтры БЕЛТА.

"Вытворчасць пладоў і ягад не ў поўным аб'ёме забяспечвае ўнутраны рынак. У нас вырошчваюцца ў асноўным яблыкі. Самазабеспячэнне імі ў нас складае 48 працэнтаў. З практычна 3 тыс. сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак толькі 40 працэнтаў займаюцца вытворчасцю яблыкаў", - расказала Наталля Мельнікава.

Паводле яе слоў, яблыкі адносяцца да сацыяльна значных тавараў. "У мэтах гарантаванага забеспячэння насельніцтва імі ў нас устаноўлена дзяржаўнае цэнавае рэгуляванне да 31 снежня 2020 года. На яблыкі ўстаноўлена гандлёвая надбаўка (з улікам аптовай) не большая за 30 працэнтаў. Гэта павінны выконваць усе арганізацыі гандлю", - падкрэсліла прадстаўнік МАРГ.

Што датычыцца бульбы і іншай агародніны, іх вытворчасць у Беларусі значна перасягае патрэбнасць. "Паводле разліковых даных, патрэбнасць унутранага рынку ў бульбе ў 6-7 разоў меншая за вырашчаныя аб'ёмы, у іншай агародніне - у два разы. Доля продажу арганізацыямі гандлю ад агульнага аб'ёму вытворчасці бульбы складае толькі 0,1 працэнта, іншай агародніны - ад 20 працэнтаў да 60 працэнтаў", - адзначыла Наталля Мельнікава.

Свежую плодаагароднінную прадукцыю рэалізуюць на рынках, сельскагаспадарчых кірмашах і спецыяльных пляцоўках. З верасня ў Беларусі праведзена ўжо 711 сельгаскірмашоў, на якіх прададзена насельніцтву 4 тыс. т плодаагародніннай прадукцыі на суму Br6 тыс. У іх прынялі ўдзел каля 10 тыс. прадаўцоў. Цэны на кірмашах на бульбу - ад 30 да 80 капеек, буракі - да Br1,5, ​​капусту - да Br1, цыбулю - да Br1,5, ​​моркву - да Br3, яблыкі - ад 80 капеек да Br4 (у залежнасці ад якасці).-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі