Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
11 лістапада 2019, 15:21

Беларусь за кошт энергазберажэння ў студзені-верасні сэканоміла 635 тыс. т умоўнага паліва

11 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзякуючы рэалізацыі энергазберагальных мерапрыемстваў Беларусь у студзені-верасні сэканоміла 635 тыс. т умоўнага паліва. Аб гэтым паведаміў сёння ў прэс-цэнтры БЕЛТА намеснік старшыні Дзяржстандарту - дырэктар Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Міхаіл Малашэнка.

"За гэту пяцігодку мы паставілі перад сабой задачу сэканоміць не менш як 5 млн т умоўнага паліва. За студзень - верасень 2019 года ўжо сэканомілі 635 тыс. т", - сказаў Міхаіл Малашэнка. Па выніках года плануецца сэканоміць не менш як 1 млн т умоўнага паліва.

Адказваючы на пытанні журналістаў, дырэктар дэпартамента адзначыў, што гэтага аб'ёму (1 млн т умоўнага паліва) хапіла б, каб абагрэць каля 7 млн кв.м жылой плошчы з энергаспажываннем 100 кВт на абаграванне 1 кв.м. Калі ж гаварыць аб неэнергаэфектыўных дамах са спажываннем 200 кВт на абаграванне аднаго "квадрата", то гэта адпаведна каля 3,5 млн кв.м жылой плошчы, "значыць, гэта горад з насельніцтвам прыкладна 60-100 тыс. чалавек", дадаў ён.

Міхаіл Малашэнка нагадаў, што ў Беларусі з 1996 года рэалізуюцца пяцігадовыя праграмы па энергазберажэнні, ключавой задачай якіх з'яўляецца эканомія не менш як 5 млн т умоўнага паліва ў пяцігодку (значыць, не менш як 1 млн т у год). Дзякуючы гэтым праграмам з 1996 па 2015 год сумарная эканомія паліва склала 24 млн т.

"Асноўныя сегменты, з якіх складваецца эканомія, гэта перш за ўсё эканомія паліўна-энергетычных рэсурсаў за кошт укаранення новых энергаэфектыўных тэхналогій на прадпрыемствах. Наступны момант - аптымізацыя схем цеплазабеспячэння, перавод газавых кацельняў на мясцовыя віды паліва", - растлумачыў дырэктар дэпартамента. Гэтыя ж прынцыпы энергазберажэння захоўваюцца і ў бягучай пяцігодцы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі