ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Чацвер, 24 чэрвеня 2021
Мінск Малавоблачна +33°C
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
30 красавіка 2021, 12:29

Беларусь выступае за хутчэйшае ўстараненне бар'ераў для свабоднага перамяшчэння тавараў і паслуг у ЕАЭС - Галоўчанка

Падчас пасяджэння
Падчас пасяджэння

30 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь выступае за хутчэйшую рэалізацыю комплексу мерапрыемстваў, накіраваных на поўнае ўстараненне бар'ераў і максімальнае скарачэнне выключэнняў і абмежаванняў для свабоднага перамяшчэння тавараў, паслуг, капіталаў і рабочай сілы ў ЕАЭС. Аб гэтым сказаў прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка падчас пасяджэння Еўразійскага міжурадавага савета ў пашыраным складзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У адпаведнасці з рашэннем Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета 5 красавіка бягучага года Савет ЕЭК зацвердзіў план мерапрыемстваў па рэалізацыі стратэгічных напрамкаў развіцця еўразійскай эканамічнай інтэграцыі да 2025 года. Беларускі бок выступае за хутчэйшую рэалізацыю комплексу мерапрыемстваў, накіраваных на поўнае ўстараненне бар'ераў і максімальнае скарачэнне выключэнняў і абмежаванняў для свабоднага перамяшчэння тавараў, паслуг, капіталаў і рабочай сілы", - сказаў Раман Галоўчанка.

"Вітаем ініцыятыву, накіраваную на фарміраванне лічбавай прасторы, лічбавай інфраструктуры і экасістэмы ў рамках саюза. Падтрымліваем і іншыя мерапрыемствы, закладзеныя ў гэтым дакуменце. Рэалізацыя палажэнняў стратэгіі дасць магчымасць забяспечыць апераджальнае развіццё эканомік нашых дзяржаў", - адзначыў кіраўнік урада.

Паводле яго слоў, вырашэнне задач павышэння канкурэнтаздольнасці будзе садзейнічаць павелічэнню сукупнай вагі ЕАЭС у сусветнай гандлёва-эканамічнай сістэме. "У сувязі з гэтым прапануем як мага хутчэй, без разварушвання пачаць рэалізацыю названага плана мерапрыемстваў. Будзем прасіць калегію ўзяць гэту праграму, план мерапрыемстваў на асаблівы кантроль", - падкрэсліў ён.

Таксама прэм'ер-міністр падкрэсліў поспехі Расійскай Федэрацыі ў распрацоўцы вакцын супраць каранавіруснай інфекцыі. "Той факт, што нават шэраг заходніх краін, перасільваючы сябе, як гаворыцца, запісваюцца ў чаргу на набыццё расійскай вакцыны, сведчыць пра многае", - заўважыў Раман Галоўчанка.

Ён падзякаваў Расіі за своечасовую пастаўку вакцыны ў Беларусь, а таксама за дапамогу ў арганізацыі яе вытворчасці. "Барацьба з пандэміяй паказала нам усім рэальны эфект ад сумесных намаганняў у гэтай сферы, а таксама перавагі калектыўных мер у забеспячэнні стабільнасці эканомікі ва ўмовах кавідных шокаў", - сказаў прэм'ер.

Раман Галоўчанка адзначыў, што прадаўжаецца масавая вакцынацыя, паступовае зніжэнне захваральнасці, што дае падставу для аптымізму наконт хуткага аднаўлення, замацавання пазітыўнага трэнду ў эканоміках краін саюза. "З улікам гэтага, а таксама ў якасці дадатковай меры стымулявання дзелавой актыўнасці заклікаю калег разгледзець пытанне аб больш актыўным і дынамічным аднаўленні поўнамаштабных пасажырскіх зносін у рамках саюза", - падкрэсліў ён.

"Мы сутыкаемся і будзем сутыкацца і са знешнімі выклікамі, і з унутранымі супярэчнасцямі. Гэта натуральны працэс. Галоўнае - калі ў нас будзе настрой сумесна і канструктыўна вырашаць вострыя пытанні, не замоўчваючы і не адкладваючы іх. Мы паспяхова вучымся і будзем вучыцца сумяшчаць інтэграцыйныя і нацыянальныя інтарэсы. І тады дасягнём жаданага і якаснага выніку", - канстатаваў прэм'ер-міністр.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі