Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
24 лютага 2020, 13:30

Беларусь выкарыстоўвае ўсе інструменты МАГАТЭ для краін-навічкоў у ядзернай энергетыцы - Каранкевіч

24 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь выкарыстоўвае ўсе інструменты МАГАТЭ для краін-навічкоў у ядзернай энергетыцы. Аб гэтым заявіў міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч на пасяджэнні місіі МАГАТЭ па комплекснай ацэнцы развіцця нацыянальнай інфраструктуры ядзернай энергетыкі (INIR 3), якая пачала сёння работу ў Беларусі, паведаміла БЕЛТА прэс-сакратар Мінэнерга Жанна Зянькевіч.

"Беларусь у поўнай меры карыстаецца ўсімі інструментамі, якія МАГАТЭ прадастаўляе краінам, што пачалі развіццё ядзернай энергетыкі. На працягу многіх гадоў мы цесна працуем з МАГАТЭ па праграмах тэхнічнага супрацоўніцтва, рэалізуючы праекты ў сферы падрыхтоўкі кадраў для ядзернай энергетыкі, умацавання патэнцыялу эксплуатуючай арганізацыі, развіцця культуры ядзернай бяспекі, абыходжання з радыеактыўнымі адходамі і адпрацаваным ядзерным палівам", - адзначыў Віктар Каранкевіч.

Міністр падзякаваў МАГАТЭ за садзейнічанне ў арганізацыі ацэначных місій, якія даюць магчымасць своечасова прыняць меры для гарантавання бяспекі пры ўводзе і далейшай эксплуатацыі атамнай электрастанцыі.

"Для нас заўсёды на першым месцы было і застаецца гарантаванне бяспекі пры будаўніцтве аб'екта і яго эксплуатацыі. Для гэтага мы актыўна задзейнічаем магчымасці міжнароднага супрацоўніцтва і ў першую чаргу супрацоўніцтва з Міжнародным агенцтвам па атамнай энергіі", - падкрэсліў Віктар Каранкевіч.

Паводле яго слоў, для Беларусі будаўніцтва атамнай электрастанцыі з'яўляецца адным з самых важных праектаў адносна дыверсіфікацыі паліўна-энергетычных рэсурсаў і захавання прынцыпаў экалогіі. Яго рэалізацыя дасць магчымасць знізіць аб'ёмы спажывання імпартуемага прыроднага газу.

Беларусь з 24 лютага па 4 сакавіка прымае місію МАГАТЭ па комплекснай ацэнцы развіцця нацыянальнай інфраструктуры ядзернай энергетыкі. Эксперты МАГАТЭ будуць аналізаваць інфраструктуру ядзернай энергетыкі Беларусі па ўсіх 19 напрамках яе развіцця, абазначаных у дакуменце МАГАТЭ для краін-навічкоў у сферы ядзернай энергетыкі - Milestones ("Вехі").

Беларуская АЭС з двума рэактарамі ВВЭР-1200 сумарнай магутнасцю 2400 МВт будуецца па расійскім праекце паблізу Астраўца (Гродзенская вобласць). Генеральным падрадчыкам выступае інжынірынгавы дывізіён дзяржкарпарацыі "Расатам" (АСЭ). Увод першага энергаблока запланаваны ў 2020 годзе, другога - у 2021-м.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі