ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Чацвер, 28 мая 2020
Мінск Воблачна з праясненнямі +19°C
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
30 красавіка 2020, 12:32

Беларусь разлічвае прыцягнуць рэсурсы АБІІ для падтрымкі банкаўскай сістэмы

Дзмітрый Крутой
Дзмітрый Крутой

30 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь разлічвае прыцягнуць рэсурсы Азіяцкага банка інфраструктурных інвестыцый (АБІІ) для падтрымкі банкаўскай сістэмы. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам першы намеснік прэм'ер-міністра Дзмітрый Крутой, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Адбылася відэаканферэнцыя з Азіяцкім банкам інфраструктурных інвестыцый. Мы абмяркоўвалі пытанне падтрымкі рэсурсамі нашай банкаўскай сістэмы. Пакуль дамовіліся з калегамі прапрацаваць выдзяленне лініі ў памеры $250 млн (першы транш) для Беларусбанка і $100 млн для Банка развіцця на падтрымку кампаній з найбольш пацярпелых сектараў", - сказаў Дзмітрый Крутой.

Паводле яго слоў, актыўна праходзяць перагаворы з МВФ. "Яны нам прыслалі свае прапановы па параметрах сацыяльна-эканамічнага развіцця, бюджэту, абслугоўвання дзяржаўнага доўгу. Мы цяпер гэтыя табліцы запаўняем. Па сутнасці, ідуць тэхнічныя кансультацыі паміж экспертамі. Цяпер напрацоўваем тыя параметры абавязацельстваў, якія будуць пакладзены ў пісьмо аб намерах", - адзначыў першы віцэ-прэм'ер.

"Калі быў падпісаны ўказ нумар 143 "Аб падтрымцы эканомікі", мы аператыўна яго разаслалі ўсім нашым калегам з міжнародных фінансавых арганізацый. Яны сталі лепш разумець тыя меры, якія прымаюць урад і Нацыянальны банк, таму, думаю, цяпер працэс у нас паскорыцца ў гэтым плане", - дадаў Дзмітрый Крутой.

Як паведамлялася, цяпер Беларусь працуе з міжнароднымі арганізацыямі, Сусветным банкам, МВФ, Банкам развіцця Кітая, Еўрапейскім інвестыцыйным банкам, урадамі асобных краін з мэтай атрымання фінансавай падтрымкі для аднаўлення пасля эпідэміі каранавіруса. У цэлым краіна разлічвае на $2-2,5 млрд ад знешніх крэдытораў на пераадоленне наступстваў COVID-19.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі