Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
09 жніўня 2019, 19:55

Беларусь разлічвае да канца года дамовіцца аб нарматывах размеркавання ўвазных пошлін у ЕАЭС

9 жніўня, Чалпон-Ата /Кар. БЕЛТА/. Беларусь разлічвае на дасягненне да канца 2019 года дамоўленасцей па нарматывах размеркавання сум увазных мытных пошлін паміж бюджэтамі дзяржаў - членаў Еўразійскага эканамічнага саюза. Аб гэтым заявіў журналістам намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка, каменціруючы вынікі сённяшняга пасяджэння Еўразійскага міжурадавага савета, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы спадзяёмся, што прыйдзем да кансэнсусу, ёсць адпаведныя ўстаноўкі кіраўнікоў дзяржаў - знайсці рашэнне", - сказаў Ігар Петрышэнка, адказваючы на пытанне, ці ўдасца да канца года дамовіцца аб новых нарматывах.

Паводле слоў віцэ-прэм'ера, сёння па гэтай тэме адбыўся "канструктыўны абмен думкамі". Ён не стаў канкрэтызаваць пазіцыю беларускага боку, аднак адзначыў, што павінен быць знойдзены разумны кампраміс. "Самае галоўнае, каб гэта пазіцыя ўспрымалася нашымі партнёрамі, таму што шматбаковая пляцоўка прадугледжвае знаходжанне разумных кампрамісаў не на шкоду сваім нацыянальным інтарэсам. У гэтым і заключаецца наша работа, каб знайсці ўзаемапрымальнае рашэнне для ўсіх краін Еўразійскага эканамічнага саюза незалежна ад праблематыкі, у тым ліку па такім значным пытанні, як размеркаванне ўвазных мытных пошлін", - дадаў Ігар Петрышэнка.

Як паведамлялася раней, Беларусь прапанавала перагледзець нарматывы размеркавання сум увазных мытных пошлін. Цяперашнія нарматывы размеркавання дзейнічаюць да 31 снежня 2019 года і ўстанаўліваюць наступныя прапорцыі: Арменія - 1,22 працэнта, Беларусь - 4,56 працэнта, Казахстан - 7,055 працэнта, Кыргызстан - 1,9 працэнта, РФ - 85,265 працэнта.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі