Мабільная версія
ДЗЯРЖОРГАНЫ

Апошнія навіны
Усе навіны

Беларусь пры ўступленні ў СГА плануе захаваць аб'ём падтрымкі сельскай гаспадаркі - Турчын

Эканоміка 15.07.2019 | 09:08
Аляксандр Турчын. Фота з архіва
Аляксандр Турчын. Фота з архіва

15 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь пры ўступленні ў Сусветную гандлёвую арганізацыю плануе захаваць аб'ёмы бягучай падтрымкі сельскай гаспадаркі. Аб гэтым у праграме "Контуры" на тэлеканале АНТ заявіў першы намеснік прэм'ер-міністра Аляксандр Турчын, паведамляе БЕЛТА.

"Пазіцыі бягучай падтрымкі сельскай гаспадаркі, якія ёсць у краіне, можа, нават з пэўным павелічэннем, я ўпэўнены, мы адстаім. У нас ёсць пэўны лаг, дзе можам рушыць наперад, але мы разумеем тыя чырвоныя лініі, ніжэй за якія апускацца не будзем. Думаю, з партнёрамі мы дамовімся аб гэтым", - праінфармаваў першы віцэ-прэм'ер.

У цэлым, на думку Аляксандра Турчына, кожная краіна павінна згадзіцца, што Беларусь будзе членам СГА. "Калі ёсць якія-небудзь пытанні, мы гатовы садзіцца за стол перагавораў, гатовы да кампрамісаў, але гэтыя кампрамісы не павінны быць на шкоду нашай краіне", - падкрэсліў ён. Прычым усе партнёры і кіраўніцтва СГА адзначаюць, што прагрэс Беларусі відавочны. "Для сябе мы паставілі нейкі дэдлайн - гэта 12-я міністэрская канферэнцыя, якая пройдзе ў Нур-Султане ў наступным годзе. Плануем да канца 2019 года (максімум першы квартал 2020-га) узгадніць усе пазіцыі і выходзіць на фінальную частку дакумента", - расказаў першы намеснік прэм'ер-міністра.

СГА адкрывае новыя рынкі для беларускіх экспарцёраў і не дазваляе самім закрыць іх ад імпарту. Але, паводле слоў першага віцэ-прэм'ера, галоўныя канкурэнты знаходзяцца сёння не за акіянам, а ўнутры Еўразійскага саюза. У першую чаргу гэта кампаніі Расіі і Казахстана, а да канкурэнцыі з імі беларускі вытворца прывык ужо. Таму ўзрушэнняў ад уступлення ў СГА ні ў каго быць не павінна. "Для нас была мэта - адзіны мытны тарыф, які ўзгоднены ў ЕАЭС. Таму ніжэй за яго мы не збіраліся апускацца. Толькі па нейкіх выключных групах тавараў, якія ў нас не вырабляюць, - растлумачыў ён. - На мой погляд, тут у нас нічога не зменіцца".

Акрамя таго, СГА стане пляцоўкай, дзе можна будзе адстойваць інтарэсы айчыннага бізнесу пры наяўнасці дыскрымінацыі на пэўных рынках. Прычым "абсалютна няважна дзяржаўнае прадпрыемства або прыватнае - гэта прадпрыемства нашай краіны, нашы падаткаплацельшчыкі, мы аднолькава будзем за іх змагацца", сказаў Аляксандр Турчын.

Як расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксей Багданаў, перагаворная група нашай краіны стараецца забяспечыць важны аспект - бяспеку для АПК, уступіць у СГА на такіх умовах, каб не пацярпеў ні адзін сегмент рынку. І ў гэтым напрамку ўдалося многага дабіцца.

Паводле яго слоў, важным момантам СГА для Беларусі з'яўляецца атрыманне доступу да тых квот, якія маюць краіны па льготным допуску сельгаставараў на іх рынкі. Акрамя таго, Беларусь сутыкаецца з абмежаваннямі, якія ўводзіць адносна айчыннай прадукцыі Расійская Федэрацыя. У СГА краіна атрымае дадатковую магчымасць абмяркоўваць такія спрэчныя пытанні.

Аляксей Багданаў таксама падкрэсліў, што аб'ём датацый АПК не зменшыцца. "Мы стараемся захаваць яго на тым узроўні, які неабходны для нашай сельскай гаспадаркі. Усё падлічана неаднаразова. Мы стараемся зрабіць так, каб мелі магчымасць у выпадку нейкіх катаклізмаў падтрымаць нашу сельскую гаспадарку і не знізіць той узровень вытворчасці, які маем, а нават яго нарасціць", - сказаў ён.

Як паведамлялася, у Жэневе 11 ліпеня прайшло 12-е пасяджэнне рабочай групы СГА па далучэнні Беларусі. У ім прынялі ўдзел дэлегаты з больш як 50 краін - членаў арганізацыі. Прадстаўнікі ЗША, ЕС, Расіі, Казахстана, Арменіі, Кыргызстана, Украіны, Індыі, Кітая, Аргенціны, Аўстраліі, Бразіліі, В'етнама, Канады, Турцыі, Швейцарыі, Японіі, Карэі, Коста-Рыкі, Кубы, Эквадора, Сальвадора, Грузіі і іншых краін у сваіх выступленнях падтрымалі захады, якія робяцца ўрадам Беларусі, па далучэнні да СГА і выказалі гатоўнасць да актыўнай работы з Беларуссю ў 2019 годзе для хутчэйшага завяршэння перагаворнага працэсу.

Беларускую дэлегацыю ўзначаліў Аляксандр Турчын. У яе склад увайшлі міністр эканомікі Дзмітрый Крутой, міністр фінансаў Максім Ермаловіч, міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Уладзімір Калтовіч, першы намеснік міністра замежных спраў Андрэй Еўдачэнка, а таксама прадстаўнікі Мінсельгасхарча, Нацыянальнага банка, Мінюста, Міністэрства аховы здароўя, Мінсувязі, Мінпрама, ДМК, Дзяржстандарту, "Белдзяржхарчпрама", "Беллегпрама", Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці і пастаяннага прадстаўніцтва Беларусі ў Жэневе.-0-

Версія для друку
Навіны рубрыкі Эканоміка
Надвор'e
Мінск
Баранавічы
Бабруйск
Барысаў
Брэст
Варшава
Вільнюс
Віцебск
Гомель
Гродна
Жлобін
Кіеў
Кіеў
Ліда
Мінск
Магілёў
Магілёў
Мозыр
Масква
Орша
Полацк
Рыга
Санкт-Пецярбург
Салігорск
Салігорск

Інфаграфіка

У Беларусі выбраны правамоцны парламент Цэнтрвыбаркам падвёў папярэднія вынікі выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі сёмага склікання.