Мабільная версія
ДЗЯРЖОРГАНЫ

Апошнія навіны
Усе навіны

Беларусь прапануе Сусветнаму банку пашырыць супрацоўніцтва ў лясной гаспадарцы і электраэнергетыцы

Эканоміка 30.05.2019 | 16:51
Міхаіл Мясніковіч і Аляксандр Крэмер
Міхаіл Мясніковіч і Аляксандр Крэмер

30 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь зацікаўлена ў павелічэнні колькасці сумесных праектаў з Сусветным банкам, у тым ліку ў лясной гаспадарцы і электраэнергетыцы. Аб гэтым заявіў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч сёння на сустрэчы з кіраўніком прадстаўніцтва Сусветнага банка ў Беларусі Аляксандрам Крэмерам, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе верхняй палаты парламента.

Старшыня Савета Рэспублікі прапанаваў Сусветнаму банку пашырыць супрацоўніцтва па шэрагу напрамкаў. Адзін з іх - лясная гаспадарка. Міхаіл Мясніковіч лічыць, што ў Беларусі сумесна з Сусветным банкам маглі б прааналізаваць, як павысіць эфектыўнасць выкарыстання лясных рэсурсаў, якімі багата краіна. "Гэта могуць быць вялікія інвестыцыйныя праекты з удзелам кампаній Еўрасаюза. Праведзены адпаведныя перагаворы з прадстаўнікамі бізнесу Польшчы і Германіі. Цікавасць да гэтай сферы ў іх ёсць", - адзначыў ён.

Яшчэ адзін перспектыўны напрамак узаемадзеяння - электраэнергетыка. У гэтай галіне ў Беларусі з Сусветным банкам напрацаваны ўжо пэўны вопыт, ёсць сумесная кампетэнцыя, не трэба пачынаць работу з чыстага ліста, звярнуў увагу старшыня Савета Рэспублікі. З уводам АЭС Беларусь мае намер выкарыстоўваць электраэнергію для патрэб ацяплення, а таксама электрыфікацыі транспарту.

На думку Міхаіла Мясніковіча, партнёрства з Сусветным банкам можа развівацца і ў сферы мясцовага самакіравання. Кіраўнік дзяржавы даў шэраг даручэнняў па гэтай тэматыцы. Савет Рэспублікі як палата рэгіёнаў працуе ў гэтым напрамку з Кангрэсам мясцовых і рэгіянальных улад Савета Еўропы і Камітэтам рэгіёнаў Еўрапейскага саюза. Сусветны банк мог бы прыняць удзел у фінансаванні праектаў у галіне мясцовага самакіравання і трансгранічнага супрацоўніцтва, аказаць пэўную тэхнічную дапамогу, адзначыў Міхаіл Мясніковіч.

Акрамя таго, для сумеснай рэалізацыі з партнёрамі з краін ЕС з удзелам Сусветнага банка Беларусь гатова прапанаваць трансгранічныя праекты. Яны актуальныя для ўсёй Еўропы і датычацца захавання экасістэм і біяразнастайнасці, папярэджання і ліквідацыі лясных пажараў, барацьбы з захворваннямі сельскагаспадарчых жывёл, развіцця прыгранічнай інфраструктуры, малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў прыгранічных тэрыторыях. Гэтыя пытанні будуць абмяркоўвацца ў час маючага адбыцца беларуска-польскага форуму "Добрасуседства", які пройдзе ў Беларусі 6-7 чэрвеня.

Аляксандр Крэмер
Аляксандр Крэмер'

На сустрэчы абмеркавана дарожная карта структурных рэформ у Беларусі, а таксама прагноз развіцця беларускай эканомікі на сярэднетэрміновую перспектыву. Кіраўнік верхняй палаты парламента адзначыў, што макраэканамічная стабільнасць у Беларусі забяспечваецца за кошт строгай грашова-крэдытнай і бюджэтна-падатковай палітыкі. У мэтах выканання даручэнняў Прэзідэнта кожнае дзяржпрадпрыемства павінна мець стратэгію развіцця да 2025 года і на перспектыву да 2030 года з улікам кан'юнктуры сусветнага рынку.

Агульная сума сумесных праектаў, якія Беларусь і СБ рэалізуюць цяпер, ацэньваецца амаль у $800 млн. Яны ахопліваюць энергетыку, водазабеспячэнне, ахову здароўя і іншыя сферы. "У нас ёсць дарожная карта супрацоўніцтва, але з цягам часу з'яўляюцца новыя ідэі. Мы зацікаўлены, каб адносіны з Сусветным банкам прырасталі новымі цікавымі сістэмнымі праектамі, - падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч. - Размова ідзе аб далейшым адкрыцці нашай эканомікі. У якасці крыніцы росту ВУП бачым інвестыцыйную дзейнасць, больш актыўнае прыцягненне прамых замежных інвестыцый".

У сваю чаргу Аляксандр Крэмер выказаў зацікаўленасць у больш цесным супрацоўніцтве з Саветам Рэспублікі, арганізацыі сустрэч з прадстаўнікамі пастаянных камісій не толькі для абмеркавання ўзаемадзеяння, але і атрымання рэкамендацый сенатараў, якія напрамкі супрацоўніцтва з Сусветным банкам неабходна ўзмацніць.

Кіраўнік прадстаўніцтва Сусветнага банка ў Беларусі расказаў аб новых праектах, якія плануецца рэалізаваць у Беларусі. У прыватнасці, у бліжэйшы час будзе зацверджаны праект на $100 млн у сферы адукацыі. Яшчэ адзін праект з такім жа аб'ёмам фінансавання запланаваны да рэалізацыі ў сферы водазабеспячэння і водаадвядзення. Акрамя аго, значны праект на $100 млн будзе рэалізаваны ў галіне энергетыкі і энергаэфектыўнасці.

Аляксандр Крэмер падкрэсліў, што Беларусь з'яўляецца каштоўным партнёрам для Сусветнага банка. "Мы павінны зрабіць усё магчымае, каб тыя праекты, якія сёння абмяркоўваліся, перарасталі са стадыі ідэі ў практычную рэалізацыю", - рэзюмаваў ён.-0-

Версія для друку
Навіны рубрыкі Эканоміка
Топ-навіны
Надвор'e
Мінск
Баранавічы
Бабруйск
Барысаў
Брэст
Варшава
Вільнюс
Віцебск
Гомель
Гродна
Жлобін
Кіеў
Кіеў
Ліда
Мінск
Магілёў
Магілёў
Мозыр
Масква
Орша
Полацк
Рыга
Санкт-Пецярбург
Салігорск
Салігорск

Інфаграфіка

Дзіцячае "Еўрабачанне-2019" Міжнародны дзіцячы конкурс песні "Еўрабачанне-2019" пройдзе 24 лістапада ў г. Глівіцэ (Польшча).