Сцяг Пятніца, 22 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
13 мая 2019, 18:08

Беларусь прапануе стварыць спецыялізаваны банк "Усходняга партнёрства"

13 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей прапанаваў стварыць у Еўрапейскім інвестыцыйным банку спецыяльнае "акно" для праектаў "Усходняга партнёрства" або спецыялізаваны банк УП. Аб гэтым ён заявіў сёння ў Бруселі на сустрэчы кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў краін - удзельніц ініцыятывы ЕС "Усходняе партнёрства", прысвечанай яе 10-годдзю, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе МЗС.

Уладзімір Макей выказаўся за рэалізацыю буйных інфраструктурных праектаў у рамках плана дзеянняў па інвесціраванні ў транс'еўрапейскую транспартную сетку, заклікаў да спрашчэння ўмоў гандлю з ЕС, у тым ліку для неасацыіраваных краін-партнёраў.

Міністр прапанаваў вызначыць амбіцыйныя, але рэалістычныя прыярытэты "Усходняга партнёрства" на перыяд пасля 2020 года. "Чаму б, напрыклад, да 2030 года не павялічыць экспарт краін УП у ЕС і аб'ём інвестыцый ЕС у краіны УП у тры разы, колькасць ствараемых Еўрасаюзам рабочых месцаў у краінах "Усходняга партнёрства" ў два разы, рэалізаваць у кожным горадзе як мінімум адзін праект па энергаэфектыўнасці?" - заявіў ён.

Закранаючы тэму трансгранічнай мабільнасці, Уладзімір Макей выступіў за ўстараненне штучных фармальнасцей пры перасячэнні граніцы з ЕС, якія прыводзяць да таго, што грамадзяне вымушаны чакаць у чарзе да 10 гадзін, а грузавыя аўтамабілі - да некалькіх дзён.

Кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства заклікаў да актывізацыі супрацоўніцтва ў лічбавай сферы, распрацоўкі рэгіянальнага пагаднення аб абароне асабістых даных. Па прыкладзе школы УП у Тбілісі прапанаваў заснаваць ІТ-школу "Усходняга партнёрства" ў Мінску. Ён таксама падкрэсліў важнасць дадатковых намаганняў у сферы падтрымкі прадпрымальніцтва, малых і сярэдніх прадпрыемстваў.

Міністр праінфармаваў удзельнікаў пасяджэння аб гатоўнасці беларускага боку правесці ў Мінску мерапрыемства высокага ўзроўню з нагоды 10-годдзя "Усходняга партнёрства".

Уладзімір Макей таксама правёў сёння сустрэчы з міністрамі замежных спраў ЕС і УП, у час якіх абмеркаваны пытанні двухбаковага супрацоўніцтва і перспектывы ўзаемадзеяння Беларусі з ЕС. Карыстаючыся выпадкам, ён запрасіў партнёраў з ЕС і краін УП наведаць II Еўрапейскія гульні ў Мінску 21-30 чэрвеня 2019 года.-0-

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі