Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
15 ліпеня 2019, 13:48

Беларусь прапануе Іспаніі арганізаваць сумесныя прадпрыемствы па перапрацоўцы агародніны і фруктаў

15 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь прапануе Іспаніі арганізаваць на тэрыторыі рэспублікі сумесныя прадпрыемствы па перапрацоўцы агародніны і фруктаў. Аб гэтым паведаміў журналістам Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Іспаніі Павел Пуставой, які ўдзельнічае ў штогадовым семінары кіраўнікоў дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Краіны вызначылі асноўныя напрамкі, супрацоўніцтва ў якіх уяўляе ўзаемны інтарэс. Напрыклад, гэта сфера лёгкай прамысловасці. "Іспанцам цікавы беларускі лён. Мы правяраем магчымасці арганізацыі паставак. Ужо адбыліся пастаўкі для іспанскага канцэрна Inditex Group (брэнды Zara, Bershka)", - сказаў пасол.

Яшчэ адзін перспектыўны напрамак - камунальны транспарт. "Іспанцы вельмі заклапочаны экалогіяй. Ім патрэбны, у першую чаргу, экалагічны транспарт для вялікіх гарадоў. Таму мы ўстанаўліваем кантакты для прасоўвання электробусаў "Белкамунмаш". Калі ўсё складзецца добра, восенню нашы прадстаўнікі прыедуць на спецыялізаваныя выстаўкі ў раёне Каталоніі, каб прадэманстраваць магчымасці беларускай тэхнікі", - адзначыў Павел Пуставой.

Развіваецца супрацоўніцтва ў галіне камп'ютарных паслуг. Беларускія кампаніі прапануюць буйным іспанскім карпарацыям свае паслугі па распрацоўцы і мадэрнізацыі праграмнага забеспячэння. У будучым такія праекты магчымы таксама для гарадскіх службаў Іспаніі.

Бакі вывучаюць магчымасць арганізацыі сумесных прадпрыемстваў па перапрацоўцы агародніны і фруктаў. "Спрабуем заахвоціць іспанцаў не на пастаўку сыравіны, а на сумесную перапрацоўку, стварэнне сумесных прадпрыемстваў на тэрыторыі Беларусі. У прыватнасці, па адцісканні аліўкавага алею, прыгатаванні кансерваў, прэсерваў на аснове іспанскай агародніны і фруктаў", - растлумачыў пасол. Прадаўжаецца работа па прыцягненні з Іспаніі інвестыцый для праектаў па мадэрнізацыі ў сферы нафтаперапрацоўкі ў Беларусі.

Асобны напрамак супрацоўніцтва - турызм. У бягучым годзе адбыўся візіт у нашу краіну Зураба Палалікашвілі - генеральнага сакратара Сусветнай турысцкай арганізацыі (ЮНВТО), штаб-кватэра якой размешчана ў Мадрыдзе. Абмяркоўваецца магчымасць правядзення ў Беларусі ў наступным годзе сумеснага з ЮНВТО міжнароднага мерапрыемства ў сферы аграэкатурызму, а таксама накіравання беларускіх спецыялістаў для стажыроўкі на базе Сакратарыята ЮНВТО.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі