Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
12 снежня 2018, 12:59

Беларусь па выніках года плануе нарасціць экспарт высокатэхналагічнай прадукцыі на 20 працэнтаў - ДКНТ

12 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь па выніках года плануе нарасціць экспарт высокатэхналагічнай прадукцыі на 20 працэнтаў. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Аляксандр Шумілін перад семінарам "Экспарт інавацыйнай прадукцыі: магчымасці і перспектывы", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Задача па экспарце высокатэхналагічнай прадукцыі на гэты год складае 32,5 працэнта (доля ў агульным аб'ёме беларускага экспарту. - Заўвага БЕЛТА), на наступны год - 33 працэнты. Мы плануем, што ў гэтым годзе выканаем даведзены паказчык. Па экспарце высокатэхналагічнай прадукцыі ўжо выходзім на ўзровень Іспаніі, Чэхіі. Дасягненне сярэднееўрапейскіх паказчыкаў азначае, што кожная прыбаўка кожнай дзясятай працэнта прадугледжвае сур'ёзныя намаганні", - адзначыў Аляксандр Шумілін.

Чакаецца, што Беларусь па выніках бягучага года экспартуе высокатэхналагічную прадукцыю на $13,5 млрд, што на 20 працэнтаў больш, чым у мінулым годзе. "Гэта сур'ёзны паказчык, якога няпроста дабіцца. Размова ідзе аб несыравінных рэсурсах - гэта прыборы, абсталяванне, высокатэхналагічныя машыны. Выйсці з такой новай прадукцыяй на рынак даволі складана, - звярнуў увагу старшыня ДКНТ. - Высокатэхналагічны бізнес і дзяржава павінны яшчэ больш аб'яднацца ў вырашэнні сумесных задач. Важна данесці да бізнесу інфармацыю аб механізмах і ўмовах падтрымкі, якія дзяржава прапануе для вытворчасці і экспарту высокатэхналагічнай прадукцыі. У той жа час важна пачуць меркаванне нашых вытворцаў, чаго ім не хапае, каб дасягаць найбольш значных рэзультатаў".

Старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Уладзімір Улаховіч паведаміў, што ў 2017 годзе ў беларускім несыравінным экспарце 24 працэнты паставак забяспечылі прадпрыемствы недзяржаўнай формы ўласнасці. "Важна пачуць меркаванне такіх прадпрыемстваў, якія ім патрэбны дадатковыя меры падтрымкі. Беларусь не мае дастатковых сыравінных рэсурсаў, і наш экспарт у прынцыпе павінен быць высокатэхналагічным. Найбольш перспектыўны на глабальным рынку прадпрыемствы, якія працуюць у сферах прыборабудавання, нафтахіміі і фармацэўтыкі, вытворчасці медыцынскага абсталявання", - дадаў ён.

На семінары ў Нацыянальнай бібліятэцы сабраліся кіраўнікі больш як 100 беларускіх прадпрыемстваў усіх форм уласнасці, уключаючы прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнесу. Адкрылася выстаўка айчыннай інавацыйнай прадукцыі. Арганізатарамі семінара выступаюць БелГПП і Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях.-0-

Фота Максіма Гучака

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі