Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
22 чэрвеня 2017, 16:03

Беларусь на IV Форуме рэгіёнаў прадставіць каля 250 інавацыйных распрацовак

22 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Нацыянальнай экспазіцыі Беларусі на IV Форуме рэгіёнаў Расіі і Беларусі 29-30 чэрвеня ў Маскве прымуць удзел 84 беларускія арганізацыі, якія прадставяць каля 250 распрацовак і ўзораў інавацыйнай і высокатэхналагічнай прадукцыі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі на выставачным прадпрыемстве "Белінтэрэкспа" Беларускай гандлёва-прамысловай палаты.

Сярод прадстаўленых распрацовак і экспанатаў будуць прыборы дыстанцыйнай спектраскапіі для зандзіравання Зямлі, накапляльнікі энергіі новага пакалення, акуляры з тэхналогіяй дапоўненай рэальнасці, распрацоўкі ў сферы ІТ-тэхналогій, ультрагукавыя тэхналогіі і абсталяванне для кардыялогіі, транспланталогіі, анкалогіі, стаматалогіі. Будзе прэзентавана некалькі навінак электратранспарту: электрамабіль, створаны на базе Geely SC7 (распрацоўка Аб'яднанага інстытута машынабудавання НАН Беларусі), экалагічна чысты пасажырскі электробус (ААТ "Кіруючая кампанія холдынга "Белкамунмаш"), электразарадная станцыя для электрамабіляў (ААТ "Віцязь").

Беспілотныя авіяцыйныя комплексы "Бусел М40" і "Буравеснік" з далёкасцю прымянення да 290 км прадэманструе Навукова-вытворчы цэнтр шматфункцыянальных беспілотных комплексаў НАН Беларусі. УП "Геаінфармацыйныя сістэмы" НАН прэзентуе шматузроўневую сістэму дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі і беларускі касмічны апарат (БКА), які дае магчымасць ажыццяўляць маніторынг тэхнагенных і прыродных надзвычайных сітуацый, ствараць тапаграфічныя і навігацыйныя карты, кантраляваць прыродныя рэсурсы, аб'екты меліярацыйнага фонду, сельскагаспадарчыя ўгоддзі.

Інстытут біяарганічнай хіміі НАН прадставіць проціпухлінныя прэпараты новага пакалення, якія выпускаюцца па ўласных арыгінальных тэхналогіях. Прадукцыя не мае аналагаў у свеце па шэрагу тэхналагічных рашэнняў. ЗАТ "СоларЛС" і 9-я гарадская клінічная бальніца (Мінск) прэзентуюць устройства для кансервацыі донарскай тканкі ва ўмовах гіпатэрміі. Апарат забяспечвае насычэнне перфузіруючага раствору кіслародам без прымянення дарагога мембраннага аксігенатара.

Інстытут мікрабіялогіі НАН прадэманструе распрацоўкі ў сферы зялёных тэхналогій: біяпестыцыды для аховы бульбы і агароднінных культур ад шкоднікаў і хвароб, прэпараты для ачысткі сцёкавых вод і глебы, а таксама біяпрэпараты для прафілактыкі і лячэння захворванняў у жывёл.

Кампанія СТАА "Гейм Стрым" (распрацоўшчык камп'ютарных гульняў World of Tanks, "Аперацыя "Баграціён", Order of War) пакажа новыя праекты ў сферы Data Science.

БРСМ прадставіць на выстаўцы экспазіцыю фіналістаў рэспубліканскага конкурсу "100 ідэй для Беларусі". Сярод экспанатаў - пальчатка-трэнажор для рэабілітацыі пасля інсульту. Спецыяльная пальчатка з убудаваным камп'ютарам прымушае мышцы рухацца, што дае магчымасць аўтаматызаваць працэс аднаўлення пацыентаў з парушэннямі маторыкі рук пасля цяжкіх захворванняў.

ААТ "Белкніга" і выдавецтва "Беларуская Энцыклапедыя імя П.Броўкі" падрыхтавалі экспазіцыю, прысвечаную 500-годдзю беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання, дзе будуць сабраны лепшыя кніжныя навінкі ўсіх тэматычных напрамкаў беларускіх выдавецтваў.

Тэматычна беларуская экспазіцыя будзе падзелена на 14 кластараў: машынабудаванне, касмічныя тэхналогіі, мікраэлектроніка і сонечная энергетыка, электратранспарт, праект па стварэнні сумеснага беларуска-расійскага рухавіка, біятэхналогіі, перадавыя распрацоўкі высокага ўзроўню, высокія тэхналогіі ў ахове здароўя, адытыўныя тэхналогіі 3D-друку і нанаіндустрыя, хімія і нафтахімія, інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, маладзёжныя праекты, інавацыі ў лёгкай прамысловасці, кнігі Беларусі.

Паколькі тэма Форуму рэгіёнаў у гэтым годзе - "Вектары інтэграцыйнага развіцця рэгіёнаў Расіі і Беларусі ў сферы высокіх тэхналогій, інавацый і інфармацыйнага грамадства", асаблівая ўвага ў экспазіцыі ўдзелена наватарскім распрацоўкам і высокатэхналагічнай прадукцыі, а таксама сумесным беларуска-расійскім праектам.

Арганізатарамі IV Форуму рэгіёнаў Расіі і Беларусі выступаюць Савет Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі і Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі. Арганізатарамі спецыялізаванай выстаўкі ў час форуму з'яўляюцца Міністэрства прамысловасці і гандлю Расіі і Беларуская гандлёва-прамысловая палата.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі