Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
24 красавіка 2019, 17:25

Беларусь можа стаць для Бангладэш перспектыўнай пляцоўкай для выхаду на рынак ЕАЭС - Турчын

24 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь можа стаць для Бангладэш перспектыўнай пляцоўкай для выхаду на рынак Еўразійскага эканамічнага саюза, паведаміў першы намеснік прэм'ер-міністра Аляксандр Турчын сёння на сустрэчы з міністрам камерцыі Бангладэш Ціпу Муншы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Беларусь як удзельнік ЕАЭС можа стаць для Бангладэш перспектыўным плацдармам для выхаду на рынак нашай супольнасці. Для гэтага ў нас ёсць неабходная лагістычная, прамысловая інфраструктура, а таксама кваліфікаваныя кадры", - сказаў Аляксандр Турчын.

Паводле слоў першага віцэ-прэм'ера, Беларусь разглядае Бангладэш у якасці важнага і перспектыўнага партнёра ў рэгіёне Паўднёвай Азіі. "За апошні час база нашых адносін, а менавіта эканамічныя кантакты, развіваецца даволі дынамічна. Мы маем рост узаемнага тавараабароту, але гэтыя лічбы значна ніжэйшыя за ўзровень нашых магчымасцей. У нас ёсць усе перадумовы для значнага павелічэння аб'ёмаў узаемнага гандлю", - лічыць ён.

Аляксандр Турчын упэўнены, што дзякуючы палітычнай падтрымцы супрацоўніцтва Беларусі і Бангладэш будзе развівацца і прырастаць узаемавыгаднымі праектамі. "Узровень палітычных адносін і іх стратэгічны характар даюць магчымасць забяспечыць рост па ключавых напрамках нашага ўзаемадзеяння", - падкрэсліў ён.

Ціпу Муншы ў сваю чаргу адзначыў, што Бангладэш пасля пэўнага зацішша ў адносінах спадзяецца на актывізацыю супрацоўніцтва, з улікам абмеркаванняў, якія адбыліся з партнёрамі ў Мінску. "На працягу наступнага месяца мы разлічваем падпісаць мемарандум аб узаемаразуменні паміж Бангладэш і Еўразійскай эканамічнай камісіяй. Гэта здольна надаць пэўны імпульс развіццю нашых адносін (з Беларуссю. - Заўвага БЕЛТА)", - лічыць ён.

У час бягучага візіту міністра камерцыі ў Беларусь абмяркоўваліся сектаральныя напрамкі для ўзаемадзеяння, сярод іх машынабудаванне, дарожна-будаўнічая і сельскагаспадарчая тэхніка, фармацэўтыка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі