Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
01 лістапада 2019, 14:24

Беларусь можа разлічваць на падтрымку ЗША ў працэсе далучэння да СГА - Мур

1 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь можа разлічваць на падтрымку Злучаных Штатаў Амерыкі на шляху далучэння да Сусветнай гандлёвай арганізацыі. Аб гэтым заявіла часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джэніфер Мур у час "Кастрычніцкага эканамічнага форуму", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Джэніфер Мур адзначыла, што ўступіць у СГА не так проста, і ЗША вітае той факт, што пасля даволі працяглай паўзы Беларусь у апошнія гады даволі сур'ёзна актывізавала сваю работу ў названым напрамку.

Пры гэтым часовы павераны звярнула ўвагу, што далучэнне да арганізацыі не палітычны працэс, а, хутчэй, тэхнічнае пытанне. "Поспех залежыць ад руплівасці работы тэхнічных экспертаў", - падкрэсліла Джэніфер Мур, адзначыўшы, што гэта яшчэ не ўсё. "Ёсць яшчэ своеасаблівая пераменная - прыхільнасць палітычнага характару, прыхільнасць да лібералізацыі гандлю і адпаведныя рэформы. Члены СГА жадаюць бачыць, наколькі беларускае кіраўніцтва прыхільна да ідэй ліберальнага гандлёвага рэжыму і рынку", - растлумачыла яна.

Таму ўступленне ў СГА можа разглядацца як адзін з элементаў стымуляцыі ўнутраных рэформ. "Спадзяюся, гэта так і ёсць (няхай нават на гэта спатрэбіцца час). Вам можна разлічваць на Злучаныя Штаты ў гэтым сэнсе, - запэўніла Джэніфер Мур. - Рухаючыся наперад, мы дапаможам Беларусі правесці такія змяненні, каб усе прадпрыемствы (прыватныя і дзяржаўныя, унутраныя і замежныя) маглі канкурыраваць у аднолькавых умовах. Гэта датычыцца адпаведных цэнавых рэгуляцый і, вядома, трэба аблягчыць рэжым функцыянавання бізнесу, у тым ліку ва ўмовах гандлю. Калі будуць аднолькавыя ўмовы, з'явяцца і новыя магчымасці, у тым ліку і для амерыканскіх прадпрымальнікаў працаваць у Беларусі".

Амерыканская бізнес-супольнасць, паводле слоў часовага паверанага, даўно з'яўляецца краевугольным каменем двухбаковых адносін Беларусі і ЗША. Яна лічыць, што ёсць аптымізм у тым, што па меры паляпшэння двухбаковых адносін паміж краінамі, а таксама паглыблення адносін паміж нашымі народамі, будзе стымулявацца і ўдзел інвестыцый з боку Амерыкі. Джэніфер Мур звярнула ўвагу на тое, што амерыканскія кампаніі з'яўляюцца множнікам для прыватных інвестыцый: туды, куды яны прыходзяць, часта прыходзяць і іншыя інвестары, паколькі яны з'яўляюцца, па сутнасці, знакам якасці інвестыцыйнага клімату.

У цэлым, на думку Джэніфер Мур, Беларусь цяпер мае ўсе магчымасці для рэалізацыі свайго поўнага патэнцыялу. "Працэс далучэння да СГА, разумныя рэформы прыватнага сектара з'яўляюцца сведчаннем таго, і Злучаныя Штаты гатовы аказваць падтрымку Беларусі ў правядзенні гэтых крытычных будучых крокаў на карысць будучыні ўсяго беларускага народа", - рэзюмавала Джэніфер Мур.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі