Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
11 ліпеня 2018, 14:51

Беларусь мае намер збліжаць пазіцыі з МВФ па ключавых пытаннях - Мясніковіч

11 ліпеня, Мінск /Святлана Саўко - БЕЛТА/. Беларусь мае намер збліжаць пазіцыі з МВФ па ключавых пытаннях. Аб гэтым заявіў сёння старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч на сустрэчы з кіраўніком місіі МВФ па Беларусі Жакам Міньянам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Спікер падкрэсліў, што беларускі бок будзе рады бачыць МВФ у якасці даверанага саветніка. "І нават па пытаннях, дзе нашы пазіцыі не зусім супадаюць, мы маем намер збліжаць іх, факусіравацца на агульным, а не падкрэсліваць нейкія адрозненні", - сказаў ён.

Міхаіл Мясніковіч адзначыў, што сваёй стратэгічнай задачай беларускія ўлады лічаць падтрыманне эканамічнага росту, развіццё малога і сярэдняга бізнесу, удасканаленне механізма сацыяльнай абароны, для чаго таксама прыняты адпаведныя дакументы на ўзроўні Прэзідэнта. "Менавіта праз гэту прызму мы хацелі б развіваць супрацоўніцтва з фондам. І, вядома, аптымальны фармат - гэта сумесная праграма", - растлумачыў старшыня Савета Рэспублікі.

У Беларусі выбудавалася добрая сістэма ўзаемаадносін з міжнароднымі арганізацыямі, уключаючы Групу Сусветнага банка, савет дырэктараў якой зацвердзіў новую краінавую стратэгію. У сувязі з гэтым роля МВФ у ацэнцы макраэканамічнай палітыкі Беларусі мае асаблівае значэнне. Міхаіл Мясніковіч выказаў надзею, што цяперашні візіт місіі, вынікі яе перагавораў ва ўрадзе, Нацбанку дадуць пазітыўныя сігналы міжнародным фінансавым арганізацыям, прыватным інвестарам па рабоце і развіцці фінансава-эканамічнага супрацоўніцтва з краінай.

У час сустрэчы абмяркоўваліся актуальныя пытанні ўзаемадзеяння Беларусі і МВФ. Краіна, як канстатаваў спікер, рэалізуе меры класічнай праграмы фонду, але без фінансавай падтрымкі. "Мы, магчыма, крыху адхіляемся па тэрмінах, але ў прынцыпе прытрымліваемся матрыцы. Забяспечваецца рост эканомікі, - сказаў ён. - Адсутнасць праграмы з фондам не азначае адсутнасці рэформ. Мы іх праводзім. Мае месца сацыяльная лаяльнасць да пераўтварэнняў, якія ідуць у краіне". Міхаіл Мясніковіч таксама зрабіў акцэнт на тым, што ўзгодненая палітыка праводзіцца на ўсіх узроўнях кіравання.

Старшыня Савета Рэспублікі звярнуў асаблівую ўвагу на шэраг сістэмных дакументаў па лібералізацыі эканамічнай дзейнасці, якія былі прыняты ў Беларусі ў канцы 2017 года. Ён растлумачыў, што размова ідзе аб дэкрэце нумар 7 "Аб развіцці прадпрымальніцтва" і пакеце нарматыўных прававых актаў, прынятых у яго развіццё. "Гэта зусім новы падыход, новыя ўмовы эканамічнага развіцця", - падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч.

Жак Міньян у сваю чаргу выказаў гатоўнасць зрабіць усё магчымае і найлепшае для Беларусі на пасадзе кіраўніка місіі. Ён растлумачыў, што цяпер МВФ знаходзіцца ў так званым перыядзе назірання за краінай. "Мы больш не вядзём перагавораў па праграме, аднак падобная работа па назіранні і наглядзе за эканамічнай сітуацыяй вядзецца па многіх краінах свету", - сказаў кіраўнік місіі МВФ. Жак Міньян звярнуў увагу, што ў папярэднія перыяды Беларусь прыклала намаганні як у частцы грашова-крэдытнай, так і бюджэтна-падатковай палітыкі, якія апраўдалі сябе і станоўча паўплывалі на макраэканамічную сітуацыю. У далейшым бакі маюць намер развіваць супрацоўніцтва ў рамках плануемых у чацвёртым квартале 2018 года кансультацый з МВФ.

Як паведамлялася, місія Міжнароднага валютнага фонду на чале з Жакам Міньянам, якая працуе ў Беларусі з 9 па 13 ліпеня, з'яўляецца планавай. Яе мэта - агляд бягучай эканамічнай сітуацыі ў краіне.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі