Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
25 чэрвеня 2020, 10:35

Беларусь і Венгрыя маюць намер пашыраць супрацоўніцтва ў атамнай энергетыцы

25 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Венгрыя маюць намер пашыраць супрацоўніцтва ў атамнай энергетыцы. Перспектывы ўзаемадзеяння дзвюх краін абмяркоўваліся на сустрэчы міністра энергетыкі Віктара Каранкевіча і Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Венгрыі ў Беларусі Жолта Чутары, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на Telegram-канал Мінэнерга.

Размова ішла аб рэалізацыі падпісанага 5 чэрвеня 2020 года ў Мінску мемарандума аб супрацоўніцтве паміж Міністэрствам энергетыкі Беларусі і апаратам прэм'ер-міністра Венгрыі. У прыватнасці, абмеркаваны магчымасці прыцягнення беларускіх арганізацый да будаўніцтва ў Венгрыі аб'ектаў інфраструктуры атамнай электрастанцыі "Пакш-2". Бакі таксама дамовіліся аб узаемадзеянні ў сферы падрыхтоўкі кадраў для АЭС. У бліжэйшы час будзе прапрацавана пытанне аб фарміраванні адпаведных праграм навучання і абмену спецыялістамі. Акрамя таго, разгледжаны магчымасці партнёрства ў сферы абыходжання з адходамі АЭС.

Плануецца, што да канца года Беларусь наведае венгерская дэлегацыя для дэталёвай адпрацоўкі дасягнутых дамоўленасцей аб супрацоўніцтве. "У час гэтага візіту мы гатовы выпрацаваць практычныя рашэнні па тых напрамках, якія закладзены ў мемарандуме", - адзначыў Віктар Каранкевіч.

Жолт Чутара назваў важным узаемадзеянне дзвюх краін у атамнай энергетыцы і выказаў зацікаўленасць ва ўзаемавыгадным супрацоўніцтве. Пасол таксама расказаў, што венгерскі горад Гер'ен і беларускі Астравец плануюць падпісаць пагадненне аб пабрацімскіх сувязях. "Гэта, безумоўна, будзе садзейнічаць умацаванню супрацоўніцтва нашых краін", - падагульніў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі