
11 лістапада, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Беларусь і Турцыя могуць перайсці на нацыянальныя валюты пры ажыццяўленні гандлёва-экспартных аперацый. Аб гэтым у інтэрв'ю БЕЛТА заявіў пасол Беларусі ў Турцыі Андрэй Савіных.
"Мы гатовы разглядаць пытанне пераходу на турэцкую ліру і беларускі рубель у ажыццяўленні гандлёва-экспартных аперацый. Гэта ў бліжэйшых планах. Калі мы зможам адкрыць у Беларусі турэцкі банк, то гэта стане рэальнасцю вельмі хутка", - заявіў пасол.
Ён удакладніў, што нават у выпадку вырашэння адпаведных пытанняў усе аперацыі не будуць імгненна пераведзены на разлікі ў нацыянальных валютах. "Але гэта будзе пачатак, і такая магчымасць стане даступнай для бізнесу ў абедзвюх краінах. Упэўнены, што гэта будзе ўспрынята вельмі пазітыўна", - адзначыў Андрэй Савіных.
Паводле яго слоў, падрыхтаваны праект плана дзеянняў, які будзе пакладзены ў аснову далейшага развіцця і паглыблення двухбаковых адносін Беларусі і Турцыі. Прадугледжваецца работа па многіх напрамках, у тым ліку супрацоўніцтве ў банкаўскай сферы і прыцягненні турэцкага капіталу да адкрыцця банкаўскіх устаноў у Беларусі.-0-