Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
31 кастрычніка 2019, 19:55

Беларусь і Турцыя могуць павялічыць тавараабарот за кошт рэалізацыі сумесных праектаў - Дворнік

31 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Турцыя могуць павялічыць тавараабарот да $1,5 млрд за кошт сінергіі канкурэнтных пераваг, арганізацыі сумесных маштабных праектаў у сельскагаспадарчай, машынабудаўнічай, хімічнай, тэкстыльнай, фінансавай, транспартнай галінах. Такое меркаванне выказаў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Дворнік у час рабочай сустрэчы з міністрам сельскай і лясной гаспадаркі Турцыі Бекірам Пакдэмірлі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ўрада.

Бакі абмеркавалі перспектыўныя напрамкі супрацоўніцтва, шляхі павышэння тавараабароту і стварэнне сумесных прадпрыемстваў. Беларусь нязменна разглядае Турцыю як надзейнага сябра і перспектыўнага партнёра на міжнароднай арэне, адзначыў Уладзімір Дворнік. "Дзве дзяржавы ідуць па шляху ўмацавання партнёрства, развіцця шырокамаштабнага двухбаковага супрацоўніцтва па ўсіх напрамках. За апошнія 10 гадоў тавараабарот паміж Беларуссю і Турцыяй вырас больш як у пяць разоў, наблізіўшыся да $1 млрд па выніках 2018 года. Але гэта не мяжа: на нядаўняй сустрэчы ў Анкары кіраўнікі дзвюх краін паставілі задачу павялічыць аб'ём двухбаковага гандлю да $1,5 млрд", - падкрэсліў віцэ-прэм'ер.

Паводле яго слоў, практыка двухбаковага ўзаемадзеяння паказала: геаграфічная аддаленасць Беларусі і Турцыі пры наяўнасці ўзаемнай цікавасці не перашкода для дзелавых адносін. Уладзімір Дворнік таксама нагадаў аб праведзеных у красавіку гэтага года ў Анкары пасяджэнні двухбаковай міжурадавай эканамічнай камісіі і сумесным дзелавым форуме, якія яшчэ раз пацвердзілі наяўнасць вялікага патэнцыялу ў беларуска-турэцкіх адносінах. "Мы вызначылі стратэгічныя напрамкі: стварэнне вытворчых прадпрыемстваў на тэрыторыі дзвюх краін, узаемныя пастаўкі тэхнікі з перспектыўнай арганізацыяй сумесных зборачных вытворчасцей. Мы ўжо можам адзначыць станоўчы вопыт у стварэнні вытворчасці складанатэхнічнай прадукцыі ў мэтах яе пашырэння на рынкі трэціх краін: зборачная лінія трактароў BELARUS пабудавана ў Турцыі", - адзначыў віцэ-прэм'ер.

На яго погляд, шматабяцальным бачыцца і ўзаемадзеянне ў галіне сельскай гаспадаркі і харчавання. "Разлічваем, што будуць дасягнуты канкрэтныя дамоўленасці адносна росту паставак сельскагаспадарчай прадукцыі паміж нашымі краінамі і прытоку турэцкіх інвестыцый у аграпрамысловы сектар Беларусі", - дадаў Уладзімір Дворнік.

У сваю чаргу Бекір Пакдэмірлі падкрэсліў, што Турцыя лічыць Беларусь дружалюбнай краінай, важнай у тым ліку з пункту гледжання развіцця адносін з Усходняй Еўропай. Ён таксама звярнуў увагу, што па выніках 10-га пасяджэння двухбаковай міжурадавай эканамічнай камісіі была створана рабочая група па развіцці гандлю. Дзякуючы яе рабоце прадоўжыцца пошук таварных груп узаемнай цікавасці. "Веру, што дзякуючы гэтай групе мы зможам рушыць наперад у павелічэнні тавараабароту, стварэнні зялёнага калідора, працэсе ўступлення Беларусі ў СГА, а таксама ў зняцці бар'ераў у гандлі", - сказаў ён.

Міністр таксама адзначыў, што дзве краіны сёння ўпэўнена набіраюць тэмп у эканамічных адносінах, нягледзячы на сусветную кан'юнктуру. З-за знешніх фактараў Беларусь і Турцыя ў 2014-2015 гадах зведвалі некаторы спад ва ўзаемным гандлі. Але Бекір Пакдэмірлі канстатаваў упэўнены трэнд росту тавараабароту з пачатку 2016 года. "Мы па-ранейшаму прытрымліваемся мэты $1,5 млрд тавараабароту, пастаўленай кіраўнікамі дзяржаў. Але мы лічым, што наша работа дасць магчымасць перасягнуць гэту лічбу", - падкрэсліў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі