3 кастрычніка, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Беларусь і Расія поўнасцю ўзгаднілі пералікі імпартазамяшчальных праектаў. Аб гэтым заявіў журналістам прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка па выніках праведзеных сёння ў Маскве перагавораў з прэм'ер-міністрам Расіі Міхаілам Мішусціным з удзелам урадавых дэлегацый дзвюх краін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Сёння мы канчаткова фіналізавалі даручэнне прэзідэнтаў, якое было дадзена па імпартазамяшчальных праектах. Вядома сума - $1,5 млрд у эквіваленце, магчыма, гэта будзе яшчэ і большая сума. Мы вызначыліся па працэнтных стаўках, яны будуць вельмі выгаднымі для беларускіх жа вытворцаў, узгаднілі пералікі гэтых праектаў - цяпер крыху тэхнічнай работы засталося", - сказаў Раман Галоўчанка.
Ён адзначыў, што некаторыя імпартазамяшчальныя праекты пачалі ўжо рэалізоўвацца. "Па шэрагу з іх мы пачалі работу, што называецца, за свае грошы. Але цяпер гэта ўжо будзе падмацавана адпаведнымі расійскімі крэдытнымі рэсурсамі. Таму шэраг (як мінімум 14) беларускіх прадпрыемстваў чакаюць буйныя праграмы мадэрнізацыі і развіцця вытворчых магутнасцей", - дадаў прэм'ер-міністр.-0-