26 кастрычніка, Гомель /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Беларусь і Расія прадаўжаюць перагаворы аб цане на газ пасля 2019 года і да фарміравання агульнага рынку газу ў ЕАЭС з 1 студзеня 2025 года. Аб гэтым журналістам паведаміў міністр энергетыкі Беларусі Віктар Каранкевіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Перагаворы вядуцца. З улікам дасягнутых дамоўленасцей неабходна да 1 ліпеня 2019 года падрыхтаваць адпаведны праект міжнароднага дагавора аб унясенні змяненняў у цэнавае пагадненне, якое павінна прадугледжваць падыходы па фарміраванні цаны на газ з 1 студзеня 2020 года да стварэння агульнага рынку газу", - сказаў міністр.
Паводле яго слоў, створана адпаведная рабочая група на ўзроўні міністэрстваў энергетыкі Беларусі і Расіі. Гэта група прадаўжае работу і да 1 студзеня 2019 года павінна падрыхтаваць адпаведныя прапановы. Канкрэтныя магчымыя цэнавыя параметры на газ міністр не агучыў. "Пакуль гэта прадмет абмеркавання", - заявіў ён.
Што датычыцца агульнага рынку газу ў ЕАЭС, які павінен пачаць працаваць з 1 студзеня 2025 года, перагаворы наконт гэтага таксама прадаўжаюцца. "Практычна падрыхтаваны праект праграмы па фарміраванні рынку газу. Засталося адно пытанне - падыходы па фарміраванні тарыфаў на транспарціроўку газу. Гэта працэс перагавораў", - сказаў Віктар Каранкевіч.
"Падыходы па фарміраванні рынку газу вызначаны. Цяпер працуюць і адпаведныя камітэты, падкамітэты па фармуляванні неабходных дакументаў. Вядзецца работа ў адпаведнасці з графікам па стварэнні рынку газу з 1 студзеня 2025 года", - дадаў міністр.-0-