Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
06 ліпеня 2022, 18:00

Беларусь і Расія могуць перайсці на афармленне электронных дакументаў пры трансгранічным гандлі

6 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства па падатках і зборах і Федэральная падатковая служба Расіі падвялі вынікі двух этапаў пілотнага праекта па абмене электроннымі таварасуправаджальнымі дакументамі пры трансгранічным гандлі з прымяненнем механізма даверанага трэцяга боку (ДТБ), паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Нацыянальнага цэнтра электронных паслуг.

Служба ДТБ прызначана для міждзяржаўнага абмену электроннымі дакументамі і аўтаматызацыі працэсаў, звязаных з пацвярджэннем сапраўднасці ЭЛП, ідэнтычнасці і цэласнасці электроннага дакумента і прызнання яго юрыдычнай сілы і дакладнасці.

Згодна з указам нумар 515 Нацыянальны цэнтр электронных паслуг вызначаны нацыянальным аператарам ДТБ па прызнанні сапраўднасці электронных дакументаў пры міждзяржаўным электронным узаемадзеянні, а таксама ўпаўнаважаным аператарам інтэграцыйнага шлюза нацыянальнага сегмента інтэграванай інфармацыйнай сістэмы Еўразійскага эканамічнага саюза.

Мэта пілотнага праекта - пераход на абмен электроннымі таварасуправаджальнымі дакументамі і іх прызнанне пры трансгранічным гандлі паміж Беларуссю і Расіяй. Гэта дазволіць знізіць невытворчыя выдаткі бізнесу і дзяржаў, звязаныя з афармленнем папяровых дакументаў. Акрамя таго, адной з важнейшых задач праекта з'яўляецца праясненне і дапаўненне мэтавай схемы работы міжнароднага электроннага дакументаабароту, якая стане асновай для нарматыўнай базы дзвюх краін.

У рамках першага этапу пілотнага праекта быў выпрабаваны тэхналагічны механізм абмену паміж расійскімі і беларускімі падаткаплацельшчыкамі таварасуправаджальнымі дакументамі, падпісанымі электроннымі подпісамі ў адпаведнасці з нацыянальнымі законамі, праз аператараў электроннага дакументаабароту. Праверка такіх подпісаў ажыццяўлялася з прымяненнем механізму ДТБ. На другім этапе было пратэсціравана афармленне ў электронных таварасуправаджальных дакументах фактаў разыходжанняў, выяўленых пры прыёмцы тавараў.

Па выніках быў распрацаваны і зацверджаны план мерапрыемстваў па распаўсюджванні прымянення схемы трансгранічнага электроннага дакументаабароту на ўсе суб'екты гаспадарання Беларусі і Расіі. Так, плануецца ўвесці стандарты ўзаемадзеяння аператараў электроннага дакументаабароту, сфарміраваць пералікі дакументаў, абмен якімі магчымы з дапамогай узгодненых схем трансгранічнага электроннага дакументаабароту, а таксама ўзгадніць рэкамендацыі для бізнесу і прафесійных удзельнікаў рынку па арганізацыі паслуг электроннага дакументаабароту.

У выніку выканання плана ўжо ў 2023 годзе можа з'явіцца магчымасць пазбавіцца ад афармлення папяровых дакументаў пры трансгранічным гандлі паміж дзвюма краінамі па ўзгодненых пераліках.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі