Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
08 кастрычніка 2019, 16:42

Беларусь і Італія маюць намер значна павялічыць узаемны тавараабарот

8 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Італія маюць намер значна павялічыць узаемны тавараабарот, у тым ліку рэалізаваць сумесныя праекты ў сферы энерга- і рэсурсазберажэння. Аб гэтым паведаміў у час італа-беларускага форуму па зялёнай эканоміцы Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Італіі ў Беларусі Марыа Джорджа Стэфана Бальдзі, передае карэспандэнт БЕЛТА.

"У 2018 годзе тавараабарот паміж нашымі краінамі склаў 700 млн еўра. У бягучым годзе разлічваем выйсці на лічбу больш за 800 млн еўра, у 2020-м - 1 млрд еўра. Праводзімы сёння форум, у якім прымаюць удзел 35 італьянскіх і больш за 150 беларускіх прадпрыемстваў, - важны этап супрацоўніцтва. Спадзяюся, што ўдзельнікі заключаць выгадныя кантракты", - сказаў Марыа Джорджа Стэфана Бальдзі.

Паводле яго слоў, і Беларусь, і Італія не маюць багатых прыродных рэсурсаў, радовішчаў газу і нафты, таму павінны ствараць энергію ўласнымі сіламі, выкарыстоўваючы магчымасці сонца, ветру, смеццеперапрацоўкі. Італія гатова падзяліцца сваім вопытам і тэхналогіямі.

У сваю чаргу старшыня БелГПП Уладзімір Улаховіч адзначыў, што бакам важна аднавіць ранейшы ўзровень гандлёва-эканамічных адносін, а таксама збалансаваць пастаўкі. "Нам трэба шукаць нішы, прасоўваць сваю прадукцыю на рынак ЕС. Лічу, што ёсць усе шанцы вярнуцца да паказчыка тавараабароту ў памеры $2 млрд, як было раней", - падкрэсліў ён.

Уладзімір Улаховіч дадаў, што Беларусь можа быць цікавая італьянскім інвестарам дзякуючы развітой інфраструктуры, наяўнасці высокакваліфікаваных кадраў, стабільным умовам вядзення бізнесу, магчымасці прасоўваць прадукцыю на рынак ЕАЭС.

Намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка падкрэсліў, што краіны зацікаўлены ва ўмацаванні супрацоўніцтва. У 2018 годзе тавараабарот вырас на 15 працэнтаў у параўнанні ў 2017 годам, і трэба не збаўляць тэмпы. За апошнія два гады ў краіне з'явілася больш за 60 новых прадпрыемстваў з італьянскім капіталам. На італьянскім рынку запатрабавана беларуская металапрадукцыя, калійныя ўгнаенні, сінтэтычныя валокны, мэбля і яе часткі, дубленая скура, драўніна, ільняныя тканіны. З Італіі ў асноўным пастаўляецца высокатэхналагічная прадукцыя.

"Урады дзвюх краін імкнуцца ўдасканаліць механізмы падтрымання дзелавой ініцыятывы. Створаны каналы для сістэмнага ўзаемадзеяння, заснавана двухбаковая міжурадавая камісія па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Бягучыя пытанні вырашаюцца хутка і эфектыўна. Беларусь адкрыта для маштабнага і рознабаковага супрацоўніцтва з Італіяй па ўсіх напрамках. Любыя прапановы, накіраваныя на ўмацаванне двухбаковых адносін, развіццё бізнес-праектаў, не застануцца без увагі", - запэўніў Ігар Петрышэнка.

Італа-беларускі форум па зялёнай эканоміцы праводзіцца пасольствам Італіі ў Беларусі, Агенцтвам па папулярызацыі за мяжой і інтэрнацыяналізацыі італьянскіх кампаній, Беларускай гандлёва-прамысловай палатай і асацыяцыяй Confindustria Belarus. На ім абмяркоўваюцца перспектывы пашырэння двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ў галіне зялёнай эканомікі і іншых сферах з акцэнтам на выкарыстанне італьянскіх інвестыцый, магчымасці прымянення беларускімі кампаніямі перадавых дасягненняў італьянскай прамысловасці, выкарыстанні аднаўляльных крыніц энергіі. Таксама ў цэнтры ўвагі - будаўніцтва разумных гарадоў, укараненне энергаэфектыўных тэхналогій у грамадзянскім і прамысловым будаўніцтве, сельскай гаспадарцы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі