Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
18 мая 2018, 14:14

Беларусь і Эквадор правядуць у 2018 годзе пасяджэнне камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве

18 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Эквадор правядуць у другой палавіне 2018 года пасяджэнне сумеснай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей па выніках перагавораў з эквадорскай калегай Марыяй Фернандай Эспіносай Гарсес, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Тэматыка гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва будзе прадметна абмеркавана на запланаваным на бліжэйшы час трэцім пасяджэнні беларуска-эквадорскай камісіі па гандлі і эканамічным супрацоўніцтве. Мы дамовіліся, што пасяджэнне пройдзе ў другой палавіне гэтага года. Нашы венесуэльскія сябры паабяцалі, што ў бліжэйшы час будзе назначаны сустаршыня эквадорскай часткі камісіі", - сказаў Уладзімір Макей.

Паводле яго слоў, за 25 гадоў краіны змаглі нарасціць міждзяржаўныя кантакты на ўсіх узроўнях, пашырыць адносіны ў эканамічнай сферы. Аднак патэнцыял для развіцця супрацоўніцтва ва ўсіх сферах далёка не вычарпаны, падкрэсліў міністр.

Уладзімір Макей расказаў, што ў час перагавораў дэталёва абмяркоўваліся прыярытэтныя пытанні двухбаковага і шматбаковага ўзаемадзеяння, у тым ліку далейшае развіццё палітычнага дыялогу на ўсіх узроўнях. "Перагаворы далі магчымасць выявіць добрыя перспектывы ў пашырэнні двухбаковага ўзаемадзеяння ў гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай, адукацыйнай, культурнай і гуманітарнай сферах", - звярнуў ён увагу.

Марыя Фернанда Эспіноса Гарсес дадала, што ў пасяджэнні камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве прымуць удзел і прадстаўнікі дзелавых колаў абедзвюх краін. Гэта дапаможа пашырыць узаемадзеянне дзяржаўнага і прыватнага сектараў. Яна канстатавала, што гандлёвы абарот паміж краінамі павялічыўся, але ёсць яшчэ вялікі патэнцыял у гэтым напрамку. "Мы зацікаўлены рабіць канкрэтныя захады. Мы заручыліся інтарэсам Беларусі і дамовіліся рушыць наперад у супрацоўніцтве ў прамысловасці, нафтахіміі, магчымай зборцы аўтамабільнай тэхнікі, сельскай гаспадарцы", - рэзюмавала міністр. -0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі