Сцяг Аўторак, 26 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
27 мая 2024, 14:38

Беларусь і Чунцын падпісалі кантракты на пастаўку мяса-малочнай прадукцыі на суму каля $31 млн

Фота Генеральнага консульства Беларусі ў г.Чунцын
Фота Генеральнага консульства Беларусі ў г.Чунцын
27 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На бізнес-форуме "Беларусь-Чунцын", які адбыўся ў КНР 24 мая, падпісана 13 пагадненняў аб супрацоўніцтве і камерцыйных кантрактаў на пастаўку мясной і малочнай прадукцыі, кандытарскіх вырабаў на агульную суму каля $31 млн. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА расказалі ў беларускім Генеральным консульстве ў Чунцыне.

На бізнес-сустрэчы таксама былі намечаны ўзаемныя праекты па інвестыцыйным супрацоўніцтве ў сферах выпуску аўтакампанентаў, медыцынскага абсталявання і робататэхнікі.

Напярэдадні беларуская дэлегацыя на чале са старшынёй Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандрам Турчыным прыняла ўдзел у VI Міжнародным гандлёва-інвестыцыйным кірмашы Заходняга Кітая, дзе наша краіна была ганаровым госцем. У склад беларускай дэлегацыі ўваходзілі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Кітайскай Народнай Рэспубліцы Аляксандр Чарвякоў, намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Дзяніс Курленка, Генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Чунцыне Дзмітрый Емяльянаў, дырэктар Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Ірына Варановіч, а таксама кіраўнікі Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка "Вялікі камень" і іншых устаноў.

На палях мерапрыемстваў прадстаўнікі беларускай дэлегацыі прынялі ўдзел у Форуме эканамічнага супрацоўніцтва пабрацімаў, на якім прысутнічалі прадстаўнікі каля 48 гарадоў з 31 краіны, з якімі Чунцын устанавіў пабрацімскія адносіны. Былі абмеркаваны ў тым ліку інвестыцыйныя магчымасці і новыя агульныя інтарэсы для пашырэння эканамічнага і тэхналагічнага міжрэгіянальнага супрацоўніцтва. У час Форуму рэгіёнаў-пабрацімаў былі падпісаны пагадненні аб супрацоўніцтве паміж рэгіёнамі Беларусі і Кітая ў сферы СМІ, камюніке па паглыбленні супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі-пабрацімамі Чунцына і камюніке аб захаванні біяразнастайнасці.

Акрамя таго, адбыліся сустрэчы беларускай дэлегацыі з членам Палітбюро КПК, сакратаром парткама Чунцына Юань Цзяцзюнем і губернатарам Чунцына Ху Хэнхуа.

Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у цырымоніі адкрыцця "Вуліцы ежы гарадоў-пабрацімаў" і выстаўкі дасягненняў супрацоўніцтва паміж гарадамі-пабрацімамі і Чунцынам. Беларусь была прадстаўлена пяццю прадпрыемствамі.

23 мая адбылося ўрачыстае адкрыццё Нацыянальнага павільёна Рэспублікі Беларусь у рамках VI Міжнароднага гандлёва-інвестыцыйнага кірмашу Заходняга Кітая.

Спецыяльна для ўдзелу ў кірмашы былі запрошаны беларускія прадпрыемствы, якія вырабляюць мяса-малочную, хлебабулачную, кандытарскую, алкагольную прадукцыю, касметычныя і іншыя вырабы. У павільёне былі створаны зоны, якія раскрываюць шматгранны турыстычны патэнцыял і сучасныя адукацыйныя магчымасці Рэспублікі Беларусь. У цэнтры экспазіцыі быў размешчаны спецыялізаваны стэнд Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка "Вялікі камень", дзе прадстаўлены дасягненні рэзідэнтаў.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі