Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
11 лістапада 2016, 11:32

Беларусь гатова прадаставіць турэцкім кампаніям выгадныя пляцоўкі ў СЭЗ і "Вялікім камяні"

11 лістапада, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Беларусь гатова прадаставіць турэцкім кампаніям выгадныя пляцоўкі на тэрыторыі свабодных эканамічных зон і індустрыяльнага парка "Вялікі камень". Аб гэтым у інтэрв'ю БЕЛТА заявіў пасол Беларусі ў Турцыі Андрэй Савіных.

"Вялікае значэнне мае пранікненне эканомік краін. Мы гатовы сёння весці размову аб тым, каб прадаставіць выгадныя пляцоўкі ў свабодных эканамічных зонах, у індустрыяльным парку "Вялікі камень" для турэцкіх вытворцаў аўтакампанентаў. Па-ранейшаму прапрацоўваюцца пытанні стварэння зборачных вытворчасцей беларускай тэхнікі на тэрыторыі Турцыі. Тут, вядома, трэба, каб больш актыўнасці праяўлялі самі вытворцы", - заявіў дыпламат.

Паводле яго слоў, рост узаемнага тавараабароту залежыць таксама ад таго, наколькі эфектыўна ўдасца зняць тыя ці іншыя бар'еры, якія яшчэ існуюць паміж дзвюма краінамі.

Праводзіцца работа над тым, каб звязаць Беларусь і Турцыю зручнымі транспартнымі маршрутамі. "Даволі сур'ёзна прапрацоўваецца пытанне выкарыстання водных зносін цераз раку Днепр. Калі мы зможам гэта рэалізаваць, то судны тыпу "рака-мора" змогуць дасягнуць турэцкіх партоў менш як за тыдзень. Такі водны маршрут у некаторай ступені зробіць Беларусь марской дзяржавай, паколькі звяжа нашу краіну з партамі не толькі Турцыі, але і іншых краін у рэгіёнах Чорнага і Міжземнага мораў", - сказаў Андрэй Савіных.

Акрамя таго, паміж Беларуссю і Турцыяй адпрацоўваецца пагадненне па стварэнні "зялёнага" калідора, якое прадугледжвае стварэнне максімальна спрыяльных умоў для афармлення грузаў, што дастаўляюцца аўтамабільным транспартам.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі