Сцяг Субота, 12 ліпеня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
23 чэрвеня 2025, 19:06

Беларусь гатова пастаўляць пасажырскую тэхніку ў Кемераўскую вобласць

23 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь гатова пастаўляць пасажырскую тэхніку ў Кемераўскую вобласць. Аб гэтым заявіў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Анатоль Сівак на сустрэчы з губернатарам Кемераўскай вобласці - Кузбаса Расійскай Федэрацыі Ільёй Серадзюком, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Беларусь ужо даўно і цесна супрацоўнічае з Кемераўскай вобласцю. Асновай нашага супрацоўніцтва, безумоўна, з'яўляецца прамысловасць, у першую чаргу заўсёды ідзе размова пра БЕЛАЗ. Ваша вобласць знаходзіцца ў ліку сусветных лідараў па здабычы вугалю. І ў гэтай частцы мы маем больш за ўсё перспектыў па ўзаемадзеянні. Але мы бачым, што можам супрацоўнічаць і ў іншых сферах. Хацелі б, каб атрымаў развіццё наш цэнтр па абслугоўванні тэхнікі БЕЛАЗ, каб там абслугоўваліся і па іншых прадуктах прадпрыемстваў Міністэрства прамысловасці. Для рэгіёна важна і сельская гаспадарка, мы маглі б ажыццяўляць пастаўкі. Хоць адлегласць немалая, але мы можам знайсці пункты для ўзаемадзеяння", - сказаў Анатоль Сівак.

Ён адзначыў, што ёсць банкаўскія прадукты па падтрымцы беларускага экспарту. "Нашы прадпрыемствы, безумоўна, будуць удзельнічаць у тэндарах, якія праводзяцца ў вас у рэгіёне, у тым ліку па пасажырскай тэхніцы. Мы нядаўна пашырылі аўтобусную вытворчасць МАЗа. У нас сёння ў гарадах развіваецца электратранспарт. Мы пераходзім паступова ў раённых цэнтрах на выкарыстанне электробусаў, адначасова атрымліваем вопыт і вывучаем эканамічныя паказчыкі гэтага віду транспарту, бачым, наколькі ён эфектыўны, і можам з транспартнымі кампаніямі падзяліцца гэтымі лічбамі. У нас у гарадах, у Мінску ў тым ліку, захоўваецца тралейбусны рух. Добра пайшоў праект тралейбуса з аўтаномным ходам, які ў час руху зараджае акумулятары і можа пэўныя работы выконваць без кантакту з сеткай. Мы таксама можам вам паказаць гэтыя лічбы", - адзначыў віцэ-прэм'ер.

На яго думку, у Беларусі і Кемераўскай вобласці вялікія перспектывы для супрацоўніцтва. "Нам важна далей развіваць кааперацыю. Наша прамысловасць працуе ў многім на камплектуючых з Расіі. Гэта тэхніка, да якой прывыклі нашы работнікі. Яна ўстойлівая, даўгавечная, адпавядае параметрам якасці", - абазначыў Анатоль Сівак.

Губернатар Кемераўскай вобласці выказаў зацікаўленасць у развіцці адносін з Беларуссю па розных напрамках. "Мы поўнасцю адкрыты для дыялогу і хацелі б, каб нашы ўзаемаадносіны развіваліся. Бачым магчымасць павелічэння тавараабароту ў параўнанні з мінулым годам. Лічым, што кампетэнцыі Беларусі могуць быць карысныя для развіцця нашай сельскай гаспадаркі", - адзначыў ён.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі