Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
23 чэрвеня 2021, 15:09

Беларусь дабілася адхілення асноўных патрабаванняў расійскай кампаніі ў інвестыцыйным арбітражы

23 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь дабілася адхілення асноўнага аб'ёму патрабаванняў расійскай кампаніі ТАА "Маноліум-Працэсінг" у інвестыцыйным арбітражы, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства эканомікі.

"Расійская кампанія ў 2017 годзе ініцыявала арбітражны разгляд супраць Беларусі на падставе Дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе. Яна патрабавала кампенсаваць прамую шкоду, нібыта прычыненую Беларуссю, і страчаную выгаду на агульную суму большую за $200 млн. Ісцец пазней зменшыў свае патрабаванні прыблізна да $176 млн. Склад арбітражу, утвораны для разгляду канкрэтнай справы па рэгламенце ЮНСІТРАЛ, 22 чэрвеня адхіліў асноўны аб'ём патрабаванняў ТАА "Маноліум-Працэсінг" да Беларусі", - расказалі ў прэс-службе.

У 2003 годзе гэта кампанія заключыла інвестыцыйны дагавор з Мінгарвыканкамам і "Мінсктрансам", у адпаведнасці з якім атрымала права на забудову зямельнага ўчастка ў цэнтры Мінска. Яна павінна была выкарыстаць участак для пабудовы гандлёва-культурна-забаўляльнага цэнтра. У якасці платы за атрыманне такога права кампанія павінна была пабудаваць некалькі камунальных аб'ектаў да сярэдзіны 2011 года (з улікам неаднаразовых прадаўжэнняў).

"Шматлікія парушэнні з боку ТАА "Маноліум-Працэсінг", выкліканыя ў тым ліку няўважлівым стаўленнем да беларускага заканадаўства, прывялі да таго, што інвестар страціў права на будаўніцтва аб'екта ў цэнтры сталіцы. Эканамічны суд Мінска вынес рашэнне скасаваць інвестыцыйны дагавор у 2014 годзе. Працэсы па аспрэчванні гэтага рашэння доўжыліся да 2015 года", - адзначылі ў Мінэканомікі.

Склад арбітражу прызнаў юрысдыкцыю ў адпаведнасцi з Дагаворам аб Еўразійскім эканамічным саюзе толькі ў дачыненні да дзеянняў пасля ўступлення гэтага дагавора ў сілу, у тым ліку адносна заяў расійскай кампаніі, звязаных з рашэннямі беларускіх судоў пасля 2015 года і перадачай зямельнага ўчастка ў цэнтры Мінска іншаму інвестару. Шматлікія заявы аб парушэннях Дагавора аб ЕАЭС у сувязі са скасаваннем інвестыцыйнага дагавора, якія нібыта мелі месца да 2015 года, склад арбітражу прызнаў па-за сваёй кампетэнцыі.

Як растлумачылі ў Мінэканомікі, пэўныя палажэнні беларускага права не дазвалялі беларускім дзяржаўным органам выплаціць ТАА "Маноліум-Працэсінг" кампенсацыю за яго расходы на будаўніцтва камунальных аб'ектаў. "Ісцец і яго беларуская даччыная кампанія пастаянна парушалі беларускае заканадаўства і да 2016 года загразлі ў падатковых даўгах і штрафах", - звярнулі ўвагу ў ведамстве.

Склад арбітражу пастанавіў пакрыць ісцу сродкі, фактычна патрачаныя ім на будаўніцтва камунальных аб'ектаў у памеры, вызначаным кантрольна-рэвізійным упраўленнем Міністэрства фінансаў Беларусі, - каля $19 млн. Прысуджаная сума складае каля 12 працэнтаў ад агульнай сумы першапачатковых патрабаванняў. "Патрабаванне кампаніі пакрыць упушчаную выгаду, звязаную са стратай права на зямельны ўчастак у цэнтры Мінска, склад арбітражу прызнаў не маючым пад сабой падстаў, а сумы патрабаванняў - чыстым вымыслам, у чым пагадзіўся з пазіцыяй Беларусі", - адзначылі ў прэс-службе.

"Урад Беларусі прадаўжае падтрымліваць добрасумленных замежных інвестараў, якія паважаюць і выконваюць заканадаўства краіны", - падкрэслілі ў Мінэканомікі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі